Кавалёнак Дамініка Дамінікаўна (г. Гродна. Выраб велікодных вербаў)

Родам з в. Вялікая Капліца, пасля заканчэння медвучылішча Дамініка Дамінікаўна была накіравана на працу акушэркай у Гродзенскую абласную бальніцу.

Вырасла будучая майстрыха ў шматдзетнай сям’і, у якой звыклай справай былі розныя рамёствы: маці займалася ткацтвам, бацька шыў сваім чатыром дочкам зграбныя скураныя боцікі, займаўся сталярствам і кавальствам. Многаму навучылася і Дамініка. Асабліва падабаліся ёй яркія, дэкаратыўныя кампазіцыі з вярбовых галінак, каласкоў, засушаных кветак – велікодныя вербы («пальмы»), што ствараліся жанчынамі пад Вялікдзень і павінны былі імітаваць пальмавыя галінкі, якімі народ сустракаў Хрыста пры ўездзе ў Ерусалім. У часы ваяўнічага атэізму прыгожы звычай быў практычна забыты, у пачатку 1990-х гадоў адрадзіўся, у чым актыўны ўдзел прыняла Дамініка Дамінікаўна і яе тры сястры, з часам далучыліся іх дзеці і ўнукі. У хуткім часе «гродзенскія пальмы» набылі шырокую папулярнасць далёка за межамі Гродна. Іх асвячаюць на Вялікдзень у храмах, цэлы год захоўваюць у жыллі каля абразоў. Сёння ж такія вербы, асабліва вырабленыя Дамінікай Кавалёнак – яшчэ і адметны сувенір з Прынёманскага краю.

Аснова такога арыгінальнага твора – тры дубчыкі вярбы, увянчаныя мяцёлачкай чароту, кветкай ці траўкай. Затым у ход ідуць розныя засушаныя кветкі, якія майстрыха спецыяльна вырошчвае на дачным участку, сабраныя ў розны час года шышкі хвоі і калючніка, каласкі цімафееўкі і іншыя дары прыроды. Пачынаючы з вяршыні, гэтыя нарыхтоўкі адмыслова і па чарзе ўкладваюцца на аснову і шчыльна прымотваюцца да яе, утвараючы шмат’ярусную дэкаратыўную кампазіцыю – круглую ці плоскую. Калі круглыя велікодныя вербы (пад назвай «віленскія») папулярныя ў нашых суседзяў-літоўцаў, то плоскія (накшталт птушынага пяра) – набытак менавіта Гродзеншчыны.

Як адметныя, традыцыйныя, тыпова мясцовыя святочна-абрадавыя атрыбуты і сапраўдныя творы мастацтва, гродзенскія велікодныя вербы ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.