Пенцяк Антаніна Пятроўна (в. Галынка Зэльвенскага раёна. Ткацтва)

Антаніна Пятроўна Пенцяк нарадзілася ў вёсцы Вострава Зэльвенскага раёна. Традыцыйнымі рамёствамі (ткацтва і вышыўка) пачала займацца з дзяцнства. У сям’і ткалі дываны, посцілкі, дарожкі і простую  тканіну. Асноўнай сыравінай для ткацтва была кудзеля, лён і воўна. З іх пралі ніткі, якія, у асноўным, ішлі на выраб палатна. З якога потым шылі ручнікі, бялізну, абрусы і кашулі. Многія рэчы аздаблялі ручной вышыўкай.

Менавіта ад сваёй маці Антаніна Пятроўна навучылася прасці, ткаць, вязаць і вышываць. Яе вырабы маюць высокі мастацкі кошт. З простага палатна яны ператвараюцца ў прыгожыя рэчы з замыславатымі ўзорамі.

Вялікім попытам карыстаюцца яе посцілкі і дываны, выкананыя на аснове пераборнага ткацтва. Майстрыха стварае цуд як пераборам (“на жыўцы”), так і закладным спосабам (“у матушкі”). Узор на тканінах аднабаковы. Іншым разам дэкор ткання бывае паліхромны, што надае вырабу святочны характар.

Акрамя ткацтва Антаніна Пятроўна Пенцяк добра валодае майстэрствам ручной вышыўкі гладдзю і крыжыкам. Яе вырабы  – гэта сапраўдныя творы мастацтва, выкананыя ў мясцовых традыцыях. У работах уражвае не толькі высокая тэхніка выканання і бездакорны густ, але і шматвобразнасць узораў.

Па сённяшні час Антаніна Пятроўна з’яўляецца актывістам у справе папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Яе вырабы і майстар-класы па прадзіву і ткацтву не адзін раз былі прадстаўлены на розных святах, выстаўках  майстроў народнай творчасці. Майстрыха – пастаянны ўдзельнік Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, свята “Ганненскі кірмаш”, адкрытага рэгіянальнага конкурсу фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”, рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”.

За развіццё і папулярызацыю беларускіх народных промыслаў і рамёстваў А.П. Пенцяк неаднаразова адзначалася дыпломамі, граматамі абласных і раённых фестваляў і конкурсаў.

Антаніна Пятроўна – душэўны чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Увесь свой талент яна аддае людзям, умее стварыць вакол сябе атмасферу радасці і дабрыні. Майстрыха з задавальненнем перадае свае веды і вопыт маладому пакаленню.