Балёнь Любоў Сцяпанаўна (1938-2024 гг.) (в. Студзянец Ваўкавыскага раёна. Ткацтва)

Балёнь Любоў Сцяпанаўна нарадзілася ў вёсцы Пасынкі Ваўкавыскага раёна. У вялікай сям’і яна была адзінай дзяўчынкай, таму з маленства прыйшлося дапамагаць маці адзяваць сям’ю. З усяго вясковага рукадзелля асабліва падабалася ткацтва, з якім яна не разлучаецца ўсё жыццё.

Сёння ў хатняй калекцыі Любоў Сцяпанаўны назбіралася вялікая колькасць самаробных дываноў, пакрывалаў, абрусоў. Яна з’яўляецца носьбітам традыцыйнага простага двухнітовага ткацтва. Гэта самае распаўсюджанае перапляценне, якое  выступае ў якасці ўніверсальнага фону для дэкору, выкананага ў іншых ткацкіх тэхніках. У такой тэхніцы выраблялі тканіны на адзенне (палатно для кашуль, спадніц, фартухоў), ручнікі, посцілкі, ходнікі. Вырабы, выкананыя ў тэхніцы простага двухнітовага ткацтва ўжываліся многімі вясковымі сем’ямі Ваўкавыскага раёна, але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство зараз сустракаецца вельмі рэдка Менавіта гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёну ў 2012 годзе быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Захоўваючы ўсе асаблівасці мясцовага ткацтва, Любоў Сцяпанаўна праводзіць майстар-класы па ткацтву і перадае свае веды дарослым і дзецям на базе Роскага аддзялення ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”.

Любоў Сцяпанаўна Балёнь – адна з нямногіх майстрых, якая валодае мясцовымі тэхнікамі ткацтва і разумее, як важна паспець падрыхтаваць новае пакаленне майстроў, якія з дзяцінства далучаюцца да рамесніцкіх традыцый, а з цягам часу стануць сапраўднымі носьбітамі этнакультуры рэгіёна.