Ботвіч Ніна Паўлаўна (1923-2018, аг. Новы Двор Свіслацкага раёна. Ткацтва паясоў)

Ніна Паўлаўна Ботвіч нарадзілася ў вёсцы Новы Двор на Свіслаччыне. З ранняга дзяцінства дзяўчынка пазнала бядноту і цяжкую працу “ад цямна да цямна”. Нямала выпрабаванняў выпала і на далейшы лёс Ніны Паўлаўны. У Вялікую Айчынную вайну, у перыяд інтэрвенцыі, на тры гады была выслана ў Германію. Працавала на цяжкіх прымусовых работах. Затым – вызваленне і доўгачаканае вяртанне на Радзіму.

Як кожная маладзіца, Ніна марыла пра шчасце. Самастойна з нічога рыхтавала вясельны пасаг, сярод якога былі тканыя дываны, абрусы, вышытыя дарожкі і ручнікі. Вырабіла шмат вясельных паясоў.

Хатнім жаночым рамёствам яна навучыла сваю дачку Марыю Мікалаеўну Гарбачову. Многія вясковыя жанчыны таксама перанялі ткацкае рамяство ад Н.П. Ботвіч. У Новым Двары да 80-ых гадоў ХХ стагоддзя  выраблялі вясельныя паясы, спецыяльна ткалі “спавівачы” для спавівання немаўлят і вузкія паясы – “тасёмкі”, якія прымацоўвалі да плеценых з прыроднага матэрыялу каробак альбо гліняных “спарышоў” і збанкоў, у якіх насілі ежу ў поле альбо хадзілі з імі ў лес па ягады.

У хатняй калекцыі Ніны Паўлаўны Ботвіч сустракаюцца паясы сярэдніх і вузкіх памераў адвольнай даўжыні з бардовым, ружовым, сінім, фіялетавым, карычневым, цёмна-чырвоным, блакітным, зялёным узорам па льняной ці белай аснове і рознакаляровымі кромкамі. Тэхніка вырабу паясоў — ткацтва на ніту ў сідзячым палажэнні “на назе”, нацягнуўшы загадзя падрыхтаваную аснову на  каленях. Усе паясы якасна выкананы з шарсцяных і льняных нітак хатняй работы. Асноўныя ўзоры – “ёлачка”, “у клетку”, “у шашкі”, “ланцужок” і інш. Некаторыя паясы заканчваюцца махрамі альбо кістачкамі з асновы, іншыя аздоблены кутасамі з шарсцяных нітак, прымацаваных да канцоў асновы. Шмат сваіх вырабаў майстрыха падаравала, раздала “на моду” (як узор для навучання), “на музей” (захоўваюцца ў мясцовым школьным музеі, прысутнічаюць у этназборах аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці).