Муская Людміла Анатольеўна (г. Смаргонь. Лозапляценне)

Людміла Анатольеўна Муская нарадзілася 27 сакавіка 1955 года ў вёсцы Мінкі Смаргонскага раёна. Лозапляценнем пачала займацца з 1994 года пасля таго, як убачыла вырабы, зробленыя сястрой мужа. Для таго, каб засвоіць тэхніку лозапляцення, карысталася падручнікамі і іншымі публікацыямі па рамяству.
Напачатку свайго творчага шляху Людміла Анатольеўна займалася пляценнем хлебніц і пано, пазней перайшла да вырабу кошыкаў.
Л.А. Муская валодае рознымі відамі суцэльнага (простага, паслойнага, пляцення радамі, “вяровачкай”, “касічкай” і інш.) і ажурнага лозапляцення. Самастойна асвоіўшы тэхніку лозапляцення, майстар у сваіх работах стараецца не толькі захаваць традыцыі сваёй мясцовасці, але і дадаць ім нейкія новыя формы. Зробленыя яе таленавітымі рукамі вырабы з лазы (кошыкі, пано, падлогавыя вазы, хлебніцы) – гэта сапраўдныя шэдэўры ў сваёй тэхніцы выканання.
Вырабы Людмілы Мускай не толькі прыгожыя, але і якасныя, з года ў год яны папаўняюць куфэрак народнага мастацтва Смаргоншчыны. Так, кожны кошык мае непаўторную форму, як па вышыні, так і па шырыні. Вырабы майстра прывабліваюць зрок і знаходзяць сваіх пакупнікоў. Яны не толькі ўпрыгожваюць кватэры, дачы сваякоў, сяброў, знаёмых, але і ў якасці сувеніраў набываюцца замежнымі турыстамі з Італіі, ЗША, Ізраіля, Латвіі, Літвы і Германіі.
З 1997 года Людміла Анатольеўна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Майстар актыўна прымае ўдзел у шматлікіх выстаўках народнай творчасці падчас раённых, абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх святочных мерапрыемстваў, сярод іх: рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” (г.Мінск,), рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, абласное свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і інш.
Свае веды і навыкі па лозапляценні Людміла Анатольеўна перадала сваім дзецям: дачка – Манчак Кацярына Аляксандраўна – вяла гурток па лозапляценні ў Ваўкавыскім Доме рамёстваў; сын – Мускі Андрэй Аляксандравіч – у школьным узросце вырабляў пано, хлебніцы, якія карысталіся попытам сярод сяброў. Сёння ўнукі Павел і Варвара актыўна ўдзельнічаюць у працэсе апрацоўкі лазы.
Людміла Анатольеўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. А ў яе майстэрні ніколі не бывае пуста: у адным з пакояў знаходзіцца матэрыял для працы, у другім – гатовыя вырабы, кошыкі на любы густ.




























