Мускі Аляксандр Андрэевіч (г. Смаргонь. Лозапляценне)

Аляксандр Андрэевіч Мускі нарадзіўся 6 студзеня 1956 года ў г. Смаргонь. Цікавасць да творчасці майстар пераняў ад дзеда Шурпо Карпа Антонавіча, які займаўся пляценнем кошыкаў, асаблівую ўвагу надаючы якасці і надзейнасці вырабаў. Але сур’ёзна займацца лозапляценнем Аляксандр Андрэевіч пачаў толькі з 1994 года, калі ўбачыў вырабы, створаныя сваёй сястрой. Для асваення рамяства майстар набываў неабходную літаратуру. Справа пачала прыносіць плён і задавальненне і ў хуткім часе стала сэнсам усяго жыцця.

А.А. Мускі – носьбіт суцэльнага (простага, паслойнага, пляцення радамі, “вяровачкай”, “касічкай” і інш.) і ажурнага лозапляцення. Захоўваючы сямейныя традыцыі, Аляксандр Мускі нават зрабіў кошык на ўзор вырабаў, створаных некалі дзедам Карпам Антонавічам. У персанальнай калекцыі майстра знаходзяцца кошыкі рознай велічыні, хлебніцы, падлогавыя вазы, пано і інш. Калекцыя з года ў год папаўняецца, а вырабы, зробленыя майстрам, набываюць усё новыя і новыя формы.

З 1997 года Аляксандр Андрэевіч Мускі з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вырабы майстра – вышэйшая ступень майстэрства.

Майстар ахвотна папулярызуе сваё майстэрства на шматлікіх выстаўках народнай творчасці падчас раённых, абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх святочных мерапрыемстваў, сярод іх: рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” (г.Мінск,), рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, абласное свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і інш.

Аляксандр Андрэевіч – чулы, жыццярадасны чалавек, добры і дбайны гаспадар. Акрамя лозапляцення ў яго ёсць яшчэ адно захапленне – пчалярства. Кожнага, хто завітае ў майстэрню, майстар абавязкова пачастуе мёдам.

А.А. Мускі – майстар сваёй справы. А калі ёсць майстры, значыць, будуць і пераемнікі: дачка і сын майстра добра валодаюць сакрэтамі пляцення з лазы; унукі пакуль толькі займаюцца яе апрацоўкай. Таксама сваё майстэрства па лозапляценні Аляксандр Андрэевіч перадаў Рогач Ліліі Іванаўне, якая шмат гадоў пасля працавала кіраўніком гуртка па лозапляценні пры дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лясная паляна” (аг. Жодзішкі, Смаргонскі раён), навучаючы майстэрству дзецей і падлеткаў.