КЕНЬКО НІНА УЛАДЗІМІРАЎНА (Г.СМАРГОНЬ. ТКАЦТВА)

Кенько Н.У. (1975 г.н.) з’яўляецца ўдзельнікам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. З 2015 года майстрыха пачала асвойваць тэхніку ткацтва паясоў. Самастойна карысталася літаратурай па ткацтве, наведвала абласныя семінары-практыкумы па традыцыйных рамёствах, навучалася майстэрству на майстар-класах знакамітых ткачых вобласці падчас свят і фестываляў народнай творчасці.

Сёння Ніна Кенько валодае шматлікімі тэхнікамі пляцення паясоў, дэманструе высокі ўзровень выканання. У яе работах арганічна спалучаюцца арнаменты і традыцыйныя колеры народных паясоў. Калекцыя майстрыхі – гэта вынік творчага ўвасаблення традыцый у тэкстылі. Як здабытак народнага мастацтва паясы Ніны Кенько выклікаюць вялікаю цікавасць у дзяцей і падлеткаў, будзяць успамін аб тым, як жылі нашы продкі.

Майстрыха асвоіла бранае ткацтва на станку, мае калекцыю ручнікоў, ходнікаў і паланцінаў, выкананых гэтай тэхнікай. Яна старанна захоўвае традыцыі беларускага ткацтва, выкарыстоўвае старадаўнія і сучасныя  прыёмы вырабу тэкстылю. У 2024 годзе ўдзельнічала з выстаўкай сваіх работ і майстар-класам па ткацтве пояса на тэматычнай экспазіцыі Гродзенскай вобласці “Сохраняя традиции – строим будущее” ў рамках рэспубліканскай выстаўкі “Мая Беларусь” у г. Мінску. Ніна Кенько працуе над павышэннем свайго майстэрства, назапашвае веды па традыцыйнай культуры Смаргоншчыны і Гродзенскага рэгіёна.