ФУНТ ІРЫНА ІВАНАЎНА (Г.СВІСЛАЧ. САЛОМАПЛЯЦЕННЕ)

Ірына Іванаўна Фунт – народны майстар саломапляцення. Нарадзілася ў 1967 годзе ў в. Лідзяны Свіслацкага раёна, пражывае ў г. Свіслач Гродзенскай вобласці. Працуе ў дзяржаўнай установе культуры “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” майстрам аддзела рамёстваў  і традыцыйнай культуры”. Яна носьбіт элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” (Мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенскай вобласці). Вядзе плённую работу па захаванні і навучанні тэхнікам традыцыйных рамёстваў. Фунт Ірына Іванаўна – таленавіты майстар, заўжды шукае новыя крэатыўныя падыходы ў рабоце з саломкай, дзе ўдала спалучае розныя тэхнікі і асабістыя прыёмы мастацкай апрацоўкі матэрыялу.

Ірына Іванаўна авалодала майстэрствам саломапляцення самастойна па спецыяльных кніжных выданнях. Па некаторых пытаннях рамяства брала кансультацыі ў вядучых майстроў, удасканальвала сваё майстэрства на абласных семінарах-практыкумах па пляценні з прыродных матэрыялаў. Валодае як традыцыйнымі, так і сучаснымі прыёмамі саломапляцення. Працуе з натуральнай і адбеленай саломкай, часам выкарыстоўвае дадатковыя матэрыялы – лён і каляровую тасьму. Сёння майстар вырабляе творы сувенірнага характару. У асартыменце прысутнічаюць саламяныя скульптуры, “саламяныя павукі”, утылітарна-дэкаратыўныя вырабы, жаночыя і мужчынскія галаўныя ўборы, кветкавыя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано і інш. З мэтай папулярызацыі рамяства саломапляцення Ірына Фунт праводзіць індывідуальныя і групавыя майстар-класы па саломапляценні, з’ўляецца кіраўніком дзіцячага гуртка “Залатая саломка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.