13.01.2026
13 студзеня 2026 года ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбылося ўручэнне прэмій пераможцам штогадовага конкурсу імя А.І.Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” за 2025 год у наступных намінацыях:
“Клубны работнік года” – Балабуеў Дзяніс Валер’евіч, загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці філіяла дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”.
Дзяніс Валер’евіч вядзе няспынную працу па вывучэнні фальклору Гродзенскага раёна, вялікую ўвагу надае адраджэнню народных традыцый, арганізоўвае этнаграфічныя і фальклорныя экспедыцыі, вядзе актыўны працэс зносін з носьбітамі народных традыцый. З’яўляецца ўдзельнікам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага гурта “Жывіца”, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, прадстаўляе Гродзенскую вобласць на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах. Дзейнасць калектыву накіравана на вылучэнне, захаванне і зберажэнне традыцыйных побытавых танцаў, фальклорных песень, прымавак, абрадаў, казак.
Балабуеў Д.В. разам з удзельнікамі гурта пачаў працу па адраджэнні традыцыйнага ткацтва, значным дасягненнем стала работа над рэканструкцыяй жаночага і мужчынскага строю Гродзенскага Панямоння: вытканы камплекты фартухоў, спадніц і мужчынскіх паясоў.
Дзяніс Валер’евіч – уладальнік Падзякі Міністра культуры Рэспублікі Беларусь (кастрычнік, 2025 г.) і прэміі Гродзенскага райвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры” ў намінацыі “Лепшы работнік культуры”.
“Народны майстар года” – Малышэва Алена Ігнацьеўна, майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела народнай творчасці і культурна-забаўляльнай дзейнасці і рамёстваў дзяржаўнай установы “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Народнаму майстру Алене Ігнацьеўне належыць значная роля ў вывучэнні, даследаванні і папулярызацыі на Гродзеншчыне традыцыйнага рамяства – cаломапляцення. У Астравецкім раёне яна з’яўляецца адным з носьбітаў элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”, які ў 2022 годзе трапіў у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Дзякуючы творчым здольнасцям і намаганням Алены Ігнацьеўны, саломапляценне ў Астравецкім раёне атрымала інтэнсіўнае сучаснае развіццё пачынаючы з 2015 года, якое не спыняецца і сёння, заваёўвае новых аматараў, заклікае да таленавітых настаўнікаў здольных вучняў. У 2023 годзе прафесіяналізм і талент захавальніцы традыцый старажытнага рамяства Алены Малышэвай высока адзначаны на пасяджэнні экспертнай камісіі па народных мастацкіх промыслах пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, ёй нададзены статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры ў 2025 годзе Алена Ігнацьеўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Выхаваная на традыцыйным мастацтве Алена Ігнацьеўна знайшла свой шлях у саломапляценні, абагаціла яго выкарыстаннем розных дадатковых матэрыялаў у стварэнні арыгінальных, наватарскіх па форме аўтарскіх кампазіцый.
“Мастацкі кіраўнік народнага (заслужанага) аматарскага калектыву года” – Шчалканогава Наталля Мікалаеўна кіраўніка народнага фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Наталля Мікалаеўна сапраўдны майстар сваёй справы, умела валодае тэхнікай выканання танцавальнага і песеннага фальклору, а таксама тэхнікай ігры на ўдарна-гукавых інструментах.
За апошні перыяд кіраўніцтва калектывам значна актывізавала работу па збору і запісу мясцовага музычнага, песеннага і вуснага фальклору. Акрамя вакальных выступленняў, рэпертуар “Талера” папоўнілі побытавыя танцы, абрады і забаўляльна-гульнёвыя праграмы з абрадавымі дзеяннямі. Сярод якіх набылі вялікую папулярнасць беларускія вечарыны “Піліпаўскі вечарок”, “Святое Васілле. Шчадрэц”, “Дуць, гудуць валачобнікі”.
Наталля Мікалаеўна займаецца экспедыцыйнай дзейнасцю па адраджэнню рэгіянальных вясельных і хрэсьбінных абрадаў. Найлепш праца адлюстравалася ў рэалізацыі маштабнага культурна-асветніцкага праекта 2024 г. “Збляны – калыска традыцыйнай культуры Лідчыны” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па вывучэнні рэгіянальнай спадчыны, дзе прадстаўлены збор матэрыялу вуснага і песеннага фальклору, традыцыйных абрадавых дзеянняў, прысвечаных вясельнай тэматыцы ад жывых носьбітаў вёскі і хутара Збляны Лідскага раёна.
Шчалканогава Наталля Мікалаеўна вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі канцэртна-гастрольных выступленняў гурта. На працягу года калектыў прадстаўляе каля пяцідзесяці разнастайных праграм, пабудаваных на рэгіянальным матэрыяле, сабраным і запісаным удзельнікамі гурта, як з літаратурных крыніц, так і ад носьбітаў.




































