Iўе

1. Гулянне ката

3 13 па 19 студзеня на калядныя святкі вясковая моладзь збіралася гуляць “Ката”. З успамінаў Кузьміцкай Ніны Дзімітраўны: “Гулялі, калі надумаемся”. Дамаўляліся з якімі-небудзь гаспадарамі, каб пусцілі ў хату на гэту вечарынку. Хлопцы наймалі музыкантаў, а дзяўчаты прыбіралі хату, гатавалі святочны стол, пяклі пірог у форме ката, упрыгожвалі яго і, калі ён быў гатовы, падвешвалі да столі. Хлопцаў і дзяўчат павінна быць пароўну. На гулянне прыходзілі таксама і дарослыя: бацькі і суседзі.

Як усе збяруцца ў хаце, хлопцы і дзяўчаты пачыналі гуляць “ката”. Першым чынам адзін з хлопцаў самы адважны (па жаданню) павінен быў праскакаць на “кані” (качарзе) ад уваходных дзвярэй хаты, да покуці (чырвонага кута), дзе да столі (бэлькі) быў падвешаны выпечаны “кот”.

Хлопец сядаў на “каня” і ехаў ад дзвярэй да кута са словамі:  “Тра-та-та, тра-та-та!”, а ўсе астатнія пыталі: “Куды едзеш?”. Хлопец адказваў: “Да кута!” Усе: “Па што едзеш?”.  Хлопец: “Па ката!”. Дзяўчаты ў гэты час стараюцца рассмяшыць хлопца, каб у яго не атрымалася зняць “ката”. Калі ўдавалася не засмяўшы прыскакаць да “кута”, ставіў “каня”- качаргу да сцяны ці хто-небудзь трымаў і развязваў стужку з “Катом”.  Развязаць стужку, якая завязана на каце неабходна зубамі, пры гэтым рукі павінны быць закладзены за спіну (качарга знаходзіцца паміж ног, а рукамі трымаецца за спіной). Калі хлопец засмяецца, то гульня пераходзіла да наступнага. Пераможцам аказваўся той, які змог зняць “ката”, развязаць стужку зубамі і не рассмяяцца. Пераможца меў права дзяліць “ката” паміж усімі гасцямі. Пасля раздзелу “ката” пачыналася гулянне: ўсе сядалі за сталы, частаваліся спачатку печаным пірагом – “катом”, а потым рознымі стравамі, якія прынеслі з сабой дзяўчаты і жанчыны. За сталом спявалі песні, расказвалі розныя гісторыі, гулялі ў гульні, танцавалі.           Пакуль моладзь “гуляла Ката”, дарослыя шуткавалі, падтрымлівалі хлопцаў, стараліся іх рассмяшыць.

Печаны пірог у форме “ката” – рыхтуецца штогод з рознай рэцэптурай, таму што кожная гаспадыня выпякае яго па свайму рэцэпту. Дзяўчаты загадзя дамаўляюцца паміж сабой, хто будзе пячы на гэты раз “ката”.

Стужкі або пояс: падвешаць галоўны атрыбут абраду да бэлькі (столі). Качарга: “конь” для гульні.

2. Запаскі

Першы раз (Запаскі) выганялі скаціну на пашню ў першую нядзелю мая: “Каровы сваім мычаннем самі прасіліся ўжо на пашу”. Зранку гаспадар браў асвечаную ў мясцовым касцёле вярбу “гаспадарскую” з чырвонай суконнай ніткай, якая лічыцца сімвалам здароўя і росту, асвечаную ваду, а гаспадыня – грамнічную свечку  і чырвоную стужку. 

Гаспадар, узяўшы вяроўку, выводзіць з хлява на двор карову, а гаспадыня бярэ чырвоную стужку і павязвае яе на рогі каровы, прыгаворваючы: “Завязваю табе чырвоную стужку, каб ты не баялася злога вока і зайздрасці”. Затым гаспадыня запальвае грамнічную свечку, абыходзіць тры разы карову па ходу сонца, прыгаворваючы: “Выганяю скаціну на шаўковую травіну, прымі, Божа, маю жываціну на ўсё поўнае лета, ратуй і беражы яе”. Пасля кожнага абыходу гаспадыня “жагнае” карову. Пасля гэтых дзеянняў  а затым  падыходзіць да гаспадара і забірае ў яго вяроўку. Гаспадар бярэ вербачку і свянцоную ваду, асвяшчае ёй карову, пастукваючы вярбой са словамі: “Як вербачка расце, так і ты расці, ідзі і прынось больш малака” . Гаспадыня скідвае з рог вяроўку і гаспадар выводзіць карову на пашу.

На пашы збіраецца шмат людзей: і дзеці і дарослыя. Усе гаспадары бяруць з сабой на поле розныя  пачастункі. На траве засцілалі дзяружкі і раскладвалі свае хатнія прысмакі. Дастаюць усё, хто што прынёс: сала, каўбасы, цыбуля і хлеб. Спачатку частуюцца дзеці: выпечкай, цукеркамі, квасам. Падсілкаваўшыся, дзеці бягуць пасвіць кароў, гуляць у гульні: “каменьчыкі” і “бэрак” (даганялкі). А пасля іх пачынаюць частавацца дарослыя. Вядома, не абходзілася і без гарэлкі, людзі пачыналі шуткаваць, расказваць байкі, спяваць песні. Запрашалі і мясцовага музыканта з гармонікам, які іграў рознага кшталту найгрышы, акампаніраваў пад песні і танцы. Кароў на Запаскі пасвілі толькі паўдня, каб адаптаваць кароў да свежай травы і да стада, асабліва, калі карова выганялася ў поле ўпершыню. Затым наступалі звычайныя дні, калі штораніцы выганялі “каровы” на пашу згодна радоўцы (чарга). Пачыналася радоўка сярод жыхароў вёскі з таго гаспадара, на каторым увосень мінулага года закончылася.

3. ВЯНОК

У назначаны дзень вяселля малады выязджае да маладой. Пасля выкупу сваты запрашаюць усіх за вясельны стол. Праз некалькі хвілін у дом або ў памяшканне, дзе праводзіцца вяселее, заходзіць жанчына (або мужчына) і з парога кажа:                               

Жанчына: Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! Дзе есць бацька родны і маці родная? Ці маю я волю ступіць у гэты дом свянцоны?

Бацькі: Маеце!

Жанчына: Маю я волю ад бацькоў родных ступіць у гэты дом свянцоны? Хай ён будзе ад Найсвеншай Марыі Панны паблагаслаўлёны. Ці маю я волю прыступіць да стала Божага, да тых паноў знатных і найзнатнейшых?

Бацькі: Маеце!

Жанчына: Ступаю крок, ступаю другі, а на трэцім “дзень добры” пані маладой і маладому, і цэламу акту вясельнаму аддаю. А вы, панове, што тут робіце? Ці ў більярды граеце, ці панну замуж аддаеце? Мы з далёкай стараны прыбылі, тут вяселле, нам людзі казалі. Мы доўга ехалі, то ўсе званы званілі, аж галасы пэнкалі і мы да гэтага дому заехалі. А дзе ж ёсць гаспадыня тутэйшага дому ці маці хрышчона? Каб нам падала талерку залатую ці сярэбраную, ці фарфурову, але каб толькі нову, бо ў нас з паняй свацяй будзе добра размова.

Падыходзіць да стала і ў маці хрышчонай бярэ новую талерку, на якую кладзе ў насоўцы зялёны вянок.

Жанчына: Як тая дробна пташка ўсе краі аблятала і нідзе сабе пары не абабрала, так і наш пан малады нідзе сабе пары не абабраў, але абабраў ён сабе пару ў гэтым доме ад Бога суджана, ад людзей нагаворана. І вяселле на дзень  сённяшні запрашона. Пані свацця і паны дружкі, просім гэты вянок прыняць (не прымаюць). Не хочаце прыняць, хочаце ганораваць? То просім нас выбачыць, бо аб гэтым вянку можам шмат растлумачыць. Вянок увіты з трох гатункаў квят. Перша ёсць рута, каб наша панна маладая хадзіла кожны дзень абута. Другі – ёсць ружа, каб наша панна маладая мела добра падарожжа, а трэці – лілея, няхай наша панна маладая гэты вянок слязамі абмые. Ступаеш у новае жыццё з добрымі мыслямі. Дзе маеш кіраваць свае крокі? Ці на забавы, ці ў дарогі далекія, а, можа, у яму цёмную. Бо гэта яма не для маладых радасць. Не для цябе будуць песні спяваць, не для цябе музыка будзе граць, не для цябе будуць званы званіць. Паблагаславі, бацька родны і маці родная, і вы, вясельныя госці, няхай вам музыка зайграе жалосне.

Грае музыка “Сардэчна Матка”.

Жанчына: Ступаю крок, ступаю другі, на трэці стану “дзень добры” пане маладой і маладому аддаю. Не дзівіцеся, вясельльныя госці, з гэтай пары каханай, бо кожная панна ў гэтым стане прыгожа, і гэты пан малады ёсць выбраны. І твае кавалерства ад сенняшняга дня загіне і няхай мае словы табе ў сэрца западзе. Вы мусіце жыць не кланствам, не ашуканствам. А вы павінны жыць справядліва і паважна. Можа, вы не хочаце, можа, вы не маеце волі. Можа, маеце думкі блудныя, то не трэба жаніцца, бо вы не ведаеце, што робіце, што чыніце. Ты, пан малады, вырываеш маладую з-пад сэрца мацярынскага і не дапусці, каб ты прыстаў перад судом страшным, што ўдарыў рукамі яе. Бо яна будзе ісці, як за правадніком сваім. Паблагослаў, бацька і маці родна, і вы вясельныя госці. Няхай вам музыка зайграе жалоснэ!

Грае музыка “Сардэчна Матка”.

Жанчына: Ступаю крок, ступаю другі, а на трэці стану “дзень добры” пані маладой і маладому аддаю. Адыходзіш, пані маладая, ад сястры роднай, ад брата. А як адыдзеш ад сваей роднай матулі, якая сваімі ўласнымі рукамі карміла, можа, сама не з’ела, а для цябе астаўляла і да хлеба падавала. Ой, як не жаль табе бацькоўскага дому, у якім ты выгадавалася, якз алатая карона. Паблагослаў, бацька родны і матуля родна, паблагослаўце, вясельныя госці, хай вам музыка зайграе жалоснэ!

Грае музыка “Сардэчна Матка”.

Жанчына: Ступаю крок, ступаю другі, на трэці стану “дзень добры” пані маладой і маладому аддаю. Спяшайцеся, паненкі, да касцёла, бо час падыходзіць, таксама і вы, падружкі, якія не раз збіралі разам кветкі, а Найсвенша Марыя панна цэлу ноч не спала. Усе горачкі абхадзіла, кветачкі збірала, вянок увівала і для нашай панны маладой на галаву прыслала. Так жа і вы, падружкі, цэлу ноч не спалі, кветачкі збіралі і для нашай маладой на галаву прыслалі. Таксама і наш пан малады, той вянок прыслаў не праз бацьку хрышчонага і не праз брата роднага, але праз слугу вернага, праз горы высокія, праз лясы шырокія, мільёнамі слез выплачаны да касцёла занесены і на алтары паблагаслаўлены. Бог пачаў, а мы закончылі, каханую пару сёння злучылі. Пані свацця і панны дружкі, усе пані маладыя служкі, просім гэты вянок прыняць, просім сто разоў просім.

Падае вянок свацці, якая бярэ яго пры дапамозе насоўкі і замацоўвае на вэлюме маладой. А на талерку кладзе тры насоўкі, якія жанчына аддае маладому, свату, адзін пакідае сабе.

Жанчына: Вы вянок гэты прынялі, а вашы маладыя гады ад сённяшняга дня сплылі. Як хмара па небе плыве, так ваша кавалерства ад сённяшняга дня загіне. Дзякую пані свацці за гэты падарунак белы, напэўна, не адну ночку не спала, пакуль на гэты падарунак напрала, не адзін пальчык параніла, пакуль так бялюсенька выбяліла. Каб наша свацця болей па вяселлях ездзіла і такіх людзей да пары злучала. Зараз звяртаюся да паноў дружкоў, да пана маладога служкоў, каб вяселле веселае праводзілі і не ў доўгім часе на сваім танчылі. Як да стала прыступала, то ўсіх віншавала, а як адступаю, то ўсім дзякую. Паблагаславі, бацька родны і маці родна, і вы, вясельнае кола, няхай вам музыка зайграе вясёла!

Гучыць беларуская полька. Жанчына кланяецца і выходзіць з памяшкання. Вяселле працягваецца. Маладыя едуць да шлюбу.

4. ТРЫ КАРАЛІ

Каралі Каспер, Мельхiёр, Бальтазар і калядоўшчыкі (сярод каторых былі Смерць з касой і Чорт) ідуць па вуліцы, затым заходзяць на падворак пад вокны або ў хату, спяваючы “А ўчора з вячора засвяціла зора, зора засвяціла, свет узвесяліла…”. Пачуўшы песню, гаспадары адчыняюць дзверы,  выходзяць на ганак і запрашаюць у дом.

Кароль Каспер: Вітаем паважаных гаспадароў дома знатнага!

                            Мы тры каралі,

                            З Віфліема ідзём, 
                            Радасную навіну нясём. 
Кароль Мельхіёр: Дзева Марыя нарадзіла Сына!

Кароль Бальтазар: Хрыстус нарадзіўся,                       

                                свет узвесяліўся!

Кароль Каспер: Людзі, паспяшайце!

Кароль Мельхіёр: Збаўцу прывітайце!                                                             

Кароль Бальтазар: Хрыста нараджэнне

                                людзям на збаўленне!

Спяваюць песню “Дзісей в Бэтлеем”.

Кароль Каспер: Дзісей в Бэтлеем,

                           Дзісей в Бэтлеем

                           Вэсола новіна,

                           Жэ Панна чыста,

                           Жэ Панна чыста

       Породзіла Сына.

       Хрыстус се родзі, нас oсвободзі,

                           Aнелі граёў, круля вітаеў, пастэжэ спеваёў,

                           Быдлента кленкаёў,

                           Цуда, цуда oглашаёў!

 Кароль Мельхіёр: Maрыя Панна, Maрыя Пaнна

                                 Дзiцeткo пястуе i Юзэф Свенты, i Юзэф Свенты

                                 Его пеленкуе.

                                 Хрыстус се родзі, нас  oсвободзі,

   Aнелі граёў, круле вітаеў,

   Пастэжэ спеваёў, быдлента кленкаёў,

   Цуда, цуда oглашаёў.

   Кароль Каспер: Жадаем гаспадару

                              Мець усяго даволі, 
                              А бяды ніколі! 

Кароль Мельхіёр: Стары год канчаем, 

                              Новы зачынаем: 
                              З ранняй вясною, 
                              З буйнай травою, 
Кароль Бальтазар: З збожжам каласістым, 
                               З зярном ядраністым… 

Спяваюць песню “Новы рок бежы”.

Новы рок бежы в ясэлках лежы

А кто, кто?  Дзецёнтко малэ,

Дайце Му хвалоў на земі.

Крулёве ядоў з велькоў громадоў:

А сконд, сконд? Од всходу слоньца,

Шукаёў коньца збавеня.

Скарб отвераёў, дары даваёў:

А каму? Вельцы крулёве,

Можні панове Дзецёнтку.

Кароль Каспер: Бог паслаў чалавецтву падарунак дзівосны:

                          Віфліемская зорка асвяціла нябёсы.

Кароль  Мельхіёр: І гісторыя свету пачалася нанова

                              Самай слаўнай падзеяй – Нараджэннем Хрыстовым!

Кароль  Бальтазар: Сквозь вякі напаўняе любоўю бясконцай,

                               Дасылае надзею і ісціны сонца!

Разам:Найвялікшая радасць і шчасця аснова:

           Мір, дабро, чысціня – Нараджэнне Хрыстова!

Кароль Каспер: Заставайцеся з дабрынёй і спагадай
                            I з мудрай вясковай парадай.
Кароль Мельхіёр: Здароўя вам моцнага на сто год,
                                Жыць доўга без турбот і нягод!
Кароль Бальтазар: А мы пойдзем далей, панясем радасную навіну па ўсяму свету.

За добрую навіну і пажаданні гаспадары частуюць гасцей.

У падарожны мех кладуць салодкія пачастункі, хатнія прысмакі.

Каралі з калядоўшчыамі адыходзяць да другога двара з песняй

“А ўчора з вячора засвяціла зора…”