Выставка-конкурс “Велікодны падарунак”

21 сакавіка ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”. У выстаўцы-конкурсе прымаюць удзел каля 70 майстроў народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

На адкрыццё выстаўкі сабралася больш за 80 чалавек – дзеці, моладзь, людзі сталага ўзросту і тыя, хто цікавіцца народным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Кожны з прысутных змог паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабу велікодных вербаў ад народнага майстра Дамінікі Кавалёнак і майстра Алены Шыдлоўскай з г.Гродна, роспісу велікодных яек ад майстра Алены Садаўнічай з г. Масты, а таксама выцінанцы ад майстра Алены Кандратавай з г. Гродна.
Падчас агляднай экскурсіі ў дэманстрацыйнай зале наведвальнікі пазнаёміліся з гісторыяй і тэхналогіяй стварэння творчых работ, выкананых у тэхніках пісанкарства, роспісу, саломапляцення, вышыўкі, выцінінкі і вырэзванне з паперы, керамікі, карункапляцення, мастацкай апрацоўкі дрэва і тэкстылю, а таксама з асаблівасцямі святкавання Вялікадня на Гродзеншчыне.
З прывітальным словам выступілі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Куратчык Сняжана Віктараўна і прэс-сакратар Гродзенскай епархіі – іерэй Ігар Данільчык.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў выстаўкі-конкурсу адбудзецца 27 красавіка 2024 года ў г. Гродна падчас правядзення рэгіянальнага свята-кірмашу вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі дасвята Вялікадня”.

!! Абласная выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” працуе:
з 21 сакавіка па 7 мая 2024 года, з 9:00 да 17:00.