“Спадзяёмся вярнуцца з перамогай”. У “Славянскім базары” прыме ўдзел дзіцячы фальклорны калектыў “Нальшчаначка” са Смаргоншчыны

“Нальшчаначка” – асноўныя завадатары і арганізатары мясцовых каляндарных абрадаў у аграгарадку Жодзішкі.

Узорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка” са Смаргонскага раёна прыме ўдзел у міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Калі дакладна – у міжнародным фестывалі-конкурсе “Вясёлка над Віцебскам”. Артысты выступяць у дзвюх намінацыях: “Фальклорна-этнаграфічная творчасць”, дзе прадэманструюць праграму “Купальскія матывы”, і “Вакальная творчасць”, дзе выканаюць калектыўныя і сольныя фальклорныя кампазіцыі, запісаныя на Смаргоншчыне.

Як падкрэслівае кіраўнік калектыву Кацярына Дудзінская, хлопцы і дзяўчаты вельмі адказна рыхтуюцца да выступленняў. І нягледзячы на тое, што ўжо неаднойчы станавіліся перможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, усё ж такі хвалююцца: канкурэнцыя абяцае быць сур’ёзнай.

Дудзинская.jpg

– Для дзяцей гэта цудоўная магчымасць – пабываць на такім маштабным фестывалі, прадставіць сваю творчасць, прадэманстраваць уменні і таленты. “Славянскі базар” – гэта неацэнны вопыт для любога артыста, ад самага малодшага да заслужанага, – лічыць Кацярына Дудзінская.“Нальшчаначка” – асноўныя завадатары і арганізатары мясцовых каляндарных абрадаў у аграгарадку Жодзішкі. Майстэрскае валоданне традыцыйным матэрыялам яны спалучаюць з віртуозным выкананнем. Панарама выступленняў калектыву з моманту яго заснавання пашыраецца з кожным годам: ад маленькіх пляцовак у аддаленых і маланаселеных вёсках да канцэртных залаў раённага і абласнога ўзроўняў.

– Вядома, што ў любым конкурсе галоўнае – не перамога, а сам удзел. Але які артыст не марыць быць лепшым з лепшых? – разважае Кацярына Дудзінская. – Мы з удзельнікамі гурта спадзяёмся вярнуцца з перамогай. А яшчэ – пазнаёміцца ​​з новымі творчымі калектывамі, паўдзельнічаць у майстар-класах, якія правядуць члены журы конкурсу.
Анжаліка ДУДКО