ГРОДЗЕНСКАЕ СУЗОР’Е ТАЛЕНТАЎ

“ГРОДЗЕНСКАЕ СУЗОР’Е ТАЛЕНТАЎ” лашчыць вока прыгажосцю традыцыйнага арнаменту, тэкстыльным багаццем, дзівосамі з воўны і лазы, драўлянымі інсталяцыямі, чараўніцтвам керамікі, віртуознай апрацоўкай металу, вытанчанай вышыўкай, таямнічай сілай народных абярэгаў, жывапіснымі выявамі мясцовых краявідаў – усім тым, што мы з гонарам называем РОДНАЕ, СВАЁ.

У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ідзе падрыхтоўка да адкрыцця чарговай выстаўкі. Ужо на наступным тыдні ва ўстанове будзе прадстаўлена творчая справаздача талентаў г.Гродна. У экспазіцыю ўвойдуць звыш 200 работ, створаных удзельнікамі гурткоў Цэнтра рамёстваў “Спадчына”, народнага калектыву «Гарадзенскi каларыт» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

Адкрыццё: 25 ЛЮТАГА ў 15:00.
Запрашаем адчуць энергетыку колераў, вобразаў, матываў, персанажаў, сюжэтаў – усяго таго, што натхняе, вабіць хараством і па праве папаўняе жывы скарб нашай культуры.
вул. Савецкая, 8.
Выстаўка працуе па 15 сакавіка.

+375336558758