Прыйшлі Каляды — усе рады…

Зімовыя святы – час пераходу і зменаў, мяжа, да якой мы набліжаемся, каб яе пераступіць.
Нашы продкі святкавалі гэты пераход калектыўна, спраўляючы Каляды. Так святкуюць і радуюць сваіх наведвальнікаў і работнікі культуры Гродзеншчыны.

Калядны перыяд быў арганізаваны вакол трох зімовых святаў: Раства, Шчодрага вечара, Вадохрышча. Традыцыйнаму мысленню была ўласцівая рытуальнасць пачатку і канца, таму пунктам уваходу ў калядны перыяд было Раство, якое спраўлялася ў сямейным коле.

Гулянні, зімовыя вячоркі і калядаванне пачыналіся пасля Раства і найбольшы размах прымалі на Шчодры вечар (1 або 13 студзеня).

Для жыхароў і гасцей г. Ліда 13 і 14 студзеня на рыначнай плошчы чакаюць тэатралізаванае рандэву «СнегоДрайв или Новогодние заморочки от Деда Мороза» і інтэрактыўная святочная праграма «Добрый старый Новый год». Дзіцячы калядны бал пройдзе 12 студзеня ў г. Карэлічы, і благачынны бал «Сияние звёзд» — у г.п. Ворона 14 студзеня.

Традыцыйна 6 студзеня ў аг. Ваверка Лідскага і аг. Трабы І’еўскага раёнаў Гродзенскай вобласці правядуць унікальны абрад «Тры каралі»: тры каралі — тры вешчуны (волхва) Каспар, Мельхіёр і Бальтазар — хадзілі па дамах і дварах вяскоўцаў і віншавалі іх з Калядамі і Новым годам. Старажылы памятаюць, што яшчэ ў 1950-х — 1960-х гадах абрад праводзілі, а потым наступіла больш за паўвекавая паўза. Старэйшыя людзі ўспамінаюць, што візіт у дома Трох Каралёў раней лічыўся добрай прыметай. А ў тым доме, дзе яны застануцца начаваць, поспех мог пасяліцца надоўга. Таму гаспадары імкнуліся пачаставаць гасцей, уручыць ім падарункі. Сёння ў іх ролі і мясцовыя жыхары, так і работнікі культуры.

Калядоўшчыкі з аг. Індуры, в. Жытомлі, аг. Абухава, аг. Квасоўкі Гродзенскага раёна пакалядуюць па маланаселеных і аддаленых вёсках, дзе зойдуць у кожны дом і пажадаюць адзін аднаму здароўя, шчасця і добрага настрою на ўвесь новы год.

10 студзеня работнікі Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці з абрадам “Ідзе каляда, калядуючы” наведаюць аг. Квасоўку, вёскі Навасёлкі, Баранава. Жытомлянскі дом фальклору пакалядуе па вёсцы Жытомля 13 студзеня, а Абухоўскія калядоўшчыкі пройдуць па дамах аграгарадка Абухава 18 студзеня. Абрад «Каляды ідуць — зорку нясуць» 7 студзеня правядуць работнікі Індурскага цэнтра культуры па аг. Індура.

Безумоўна, калядоўшчыкі і другіх раёнаў наведаюць аднавяскоўцаў, каб не толькі ўключыць іх у дзею, паспяваць разам песні і пусціцца ў скокі, але сустрэць новалецце па старому стылю ў добрым настроі і з радаснай усмешкай – а гэта дае надзею, што такім яно для іх і будзе. Так, на Слонімшчыне калядаваць будуць ў аг. Наваселкі, В. Шылавічы, Навадзевяткавічы, Рахавічы, Сянькоўшчына, Васілевічы, далучацца да іх на Шчучыншчыне, І’еўшчыне, Воранаўшчыне ды і іншыя раёны.

Удзельнікі абрада — калядоўшчыкі з каляднай зоркай паказваюць цэлае прадстаўленне, спяваюць калядкі, прыказкамі і прымаўкамі віншуюць гасцей, жадаюць шчаслівага, удалага, багатага Новага года, і абавязкова спяваюць мясцовы адметны распеў “Многая лета” — ды ўсё так складна, дасціпна, з гумарам ды тактам, як спакон вякоў святкавалі нашы продкі!

Калядны настрой жыхарам Верцялішкаўскага сельсавета Гродзенскага раёна дапамогуць стварыць СВК «Прагрэс-Верцялішкі» і работнікі мясцовага цэнтра культуры. Традыцыйна на плошчы яны ўстанаўліваюць батлейку, каля якой для каталікоў і праваслаўных падрыхтуюць святочныя канцэрты пад адкрытым небам і пакалядуюць.

Ну а Хрышчэнне арганізатары падрыхтуюць іардань на базе рыбалоўных угоддзяў побач з Верцялішкамі. Акунанню папярэднічае царкоўная служба, якую праводзіць настаяцель храма святога Аляксандра Неўскага ў Верцялішках айцец Іаан. Святар асвянціць ваду, пасля чаго вернікі акунаюцца ў палонку. Па традыцыі першым акунаецца старшыня СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль Равяка.

Пунктам выхаду з каляднага цыклу было Вадохрышча (6 або 19 студзеня): у гэты дзень збіралі ваду і захоўвалі для рытуалаў і лекавання на ўвесь год.

Тэатралізаваная канцэртная праграма «Шчодры вечар, добры вечар» пройдзе 13 студзеня на плошчы г. Навагрудак і парадуе жыхароў добрый настроем і святочнымі прыгодамі і песнямі. Фестываль калядных песнапеній «Рождественские встречи» сумесна з Гродзенскай Епархіей пройдзе ў г. Гродна 14 студзеня.

Нашы продкі варажылі па зорках. Выходзілі на вуліцу і глядзелі, колькі на небе зорачак: калі шмат – дык улетку будзе шмат грыбоў, ягадаў і пчолаў.

Колькі цікавых імпрэз будзе ў наступным годзе? А колькі цікавых праектаў? А колькі новых брэндаў і спатканняў з пастаяннымі наведвальнікамі? Вы даведаецеся ўжо хутка.