3 чэрвеня прайшоў у Мінску «Вясновы букет» на Верхнім горадзе!

       Традыцыйны —  ХІV Рэспубліканскі фэст-кірмаш «Вясновы букет» 3 чэрвеня прайшоў у Мінску і стаў  ужо гісторыяй. Удзел ў імпрэзе прынялі больш за 350 майстроў народных мастацкіх рамёстваў з ўсёй Беларусі, каля 30 майстроў з Гродзенскай вобласці.

         Гэта адно з самых буйных рэспубліканскіх святаў традыцыйнай культуры!  Было шмат  традыцыйных беларускіх вырабаў з саломы і дрэва, ткацкіх станкоў і ганчарных вырабаў!  Па ўсім Верхнім горадзе і на галоўнай сцэне спявалі музыкі, танчылі плясуны!

          Тэматычная пляцоўка Гродзенскай вобласці была прадстаўлена экспазіцыямі выстаўкі народнага мастацтва Астравецкага, Зельвенскага, Лідскага, Смаргонскага, Свіслацкага, Карэліцкага, Шчычынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага і  Навагрудскага раёнаў.

          У гэтым годзе дэлегацыю Гродзенскай вобласці прадставілі майстры з Астравецкага раёна, які славіцца таленавітымі майстрамі саломапляцення. Сярод іх Алена Малышэва і Ганна Петрык. Ні адно свята ў Гродзенскай вобласці не абыходзіцца без іх майстар-класаў па вытанчанаму пляценню з саломкі. Майстар Аксана Вакуліч працуе тэхнікай інкрустацыі саломкай па дрэве. А яшчэ яна займаецца аўтарскім мастацкім роспісам, у той час як Вольга Кулікова валодае тэхнікай роспісу па шкле. Таццяна Былінская прэзентавала свае работы, вывязаныя шыдэлкам.

          Майстры з Зэльвенскага раёна імкнуцца захоўваць тэхнікі традыцыйных рамёстваў, такіх як саломапляценне, разьба па дрэве, чорнаглянцавая кераміка. Аляксандр Ішчанка, якога мы даўно знаем як самабытнага разьбяра па дрэве, прадставіў ганчарныя вырабы і мастацкую кераміку. Новае для сябе майстэрства пераняў ад знакамітага Зэльвенскага майстра чорнаглянцавай керамікі  Сяргея Худзяева. Аляксандр Геленда,  сябра аматарскага клуба майстроў “Натхненне” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Зэльвенскага РЦКНТ, майстэрства лозапляцення пераняў ад свайго дзеда, а сёння праз інтэрнэт, праз зносіны са знакамітымі рамеснікамі, удасканальвае сваё майстэрства.

         Дзятлаўскі раён у Гродзенскай вобласці лічаць “мекай” традыцыйнай культуры. І гэта сапраўды так. Па сённяшні дзень у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна 5-6 мая спраўляюць прыгожы абрад “Юр’я”, які мясцовыя жыхары прымяркоўваюць да другога свята Вялікадня. Тут яшчэ бытуюць аўтэнтычныя фальклорныя калектывы.

        Аддзел традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Дзятлаўскага РЦКНТ на свяце “Вясновы букет” таксама прадставіў сваіх выбітных майстроў: Валянціну Гнаінскую – майстра па вырабу паясоў, Таццяну Загорцаву – майстра вышыўкі, Марыну Лотыш – майстра карункапляцення. А таксама майстра лозапляцення Сяргея Балыкова. І, канешне ж, Анатолія Кардаша, ганчара-кераміста. Талент Анатолія Аляксандравіча шматгранны: ён выдатны мастак, файны танцор, хаця па спецыяльнасці ён юрыст, працаваў на розных пасадах звязаных з юрыспрудэнцыяй.

        Майстры Карэліцкага раёна Анастасія Есьман і Каміла Варатнікова прадставілі цікавыя майстар-класы па вырабу народных паясоў на ніту і “ на калодзе”, а загадчык аддзела рамеснай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” Карэліцкага РЦКНТ Юлія Баярэнка – калекцыю работ вывязаных шыдэлкам. Вядомы на Гродзеншчыне майстар Аляксандр Заблоцкі здзівіў прысутных мастацкай разьбой па дрэве.

        Лідчына здаўна славіцца сваёй гісторыяй і культурай. Вёска Збляны Лідскага раёна па сённяшні дзень лічыцца калыскай традыцыйнай культуры нашага рэгіёна. На свяце сваё майстэрства дэманстравалі народны майстар Рэспублікі Беларусь Валянціна Сільвановіч, адна з носьбітаў традыцыі белаўзорыстага ткацтва Панямоння, якая занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сваю калекцыю карунак, вывязаных шыдэлкам па аўтэнтычных узорах з этнакалекцыі аддзела раместваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦКНТ, прадставіла Марыя Шылкоўская і заняла ў конкурсе 3 месца.

        Супольнасць Мастоўскага раёна ганарыцца такімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі як традыцыйная тэхналогія ткацтва падвоўных дываноў в. Гудзевічы і мясцовым танцавальным стылем “Котчынская кадрыля”. Аддзел традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ “Мастоўскі раённы цэнтр культуры” у экспразіцыю свайго падворка ўключылі творчыя калекцыі роспісу і выцінанкі Алены Садаўнічай (яна адна з носьбітаў ад Гроденскай вобласці традыцыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Беларускае мастацтва выцінанкі”), вязання на спіцах Лідзіі Парамонавай,  спіральнага пляцення з прыродных матэрыялаў (травы, лазы) Ірыны Славута,  якая са сваімі работамі заняла 2 месца на свяце, керамікі і роспісу Анастасіі Шынгель, вышыўкі і сувенірных лялек-абярэгаў Ірыны Фядзюк.

          Культура Навагрудскага раёна ў першую чаргу асацыіруецца з унікальнай мясцовай традыцыяй “навагрудскай выцінанкай- выбіванка”, якая ў 80-ыя гады мінулага стагодддзя была ўзноўлена работнікамі мясцовага музея і Цэнтра рамёстваў. Сення гэта візітная картка традыцыйнай культуры Гродзеншчыны і занесана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Галоўнай захавальніцай і пераемніцай традыцыі з’яўляецца народны майстар Рэспублікі Беларусь Клімко Наталья Аляксандраўна разам са сваей дачкой Веранікай Фраловай. Майстры Навагрудчыны — пастаянныя ўдзельнікі Рэспубліканскага фестываля-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”. На  свяце прысутнічалі сябры народнага  калектыву майстроў сучаснага і традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Каляровая альтанка”:Іван Шыман, майстар, стаўшага ўжо рэдкім, бондарскага рамяства; старэйшая майстрыха вязання шыдэлкам Крупіца Таісія Сямёнаўна; Вольга Крако, майстар пляцення паясоў і вырабу тэкстыльнай лялькі; Кацярына Ягорава, майстар вырабу  лялькі з розных матэрыялаў.

         Даўней  на Гродзеншчыне з гліны рабілі самы разнастайны посуд для халоднага і гарачага прыгатавання ежы і захавання розных прадуктаў. У адной мясцовасці выраблялі посуд, паліваны карычневай вохрыстай або зялёнай палівай, у другой – плямістую. Аднак, найбольш папулярным посудам на Гродзеншчыне лічыцца чорнаглянцавы, як быццам адліты з чорнага чыгуну. У пачатку ХХ стагоддзя мястэчка Поразава Свіслацкага раёна лічылася буйнейшым ганчарным цэнтрам Панямоння.

         Сёння чорнаглянцавая кераміка з’яўляецца своеасаблівым сімвалам ганчарнага рамяства Свіслацкага раёна. Работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага РЦКНТ падтрымліваюць мясцовую ганчарную традыцыю. На свяце калекцыю сваіх работ прадставіў ганчар-кераміст Яўген  Мяцяшук з г. Свіслачы.

          Славіцца Свіслаччына сваім майстрам саломапляцення Фунт Ірынай, майстрам ткацтва паясоў Сыраежка Жанай, майстрам мастацкай апрацоўкі тэкстылю Васілька Аксанай.

          Народныя майстры  Рэспублікі Беларусь сям’я Мускіх: Людміла Анатольеўна і Аляксандр Андрэевіч са Смаргоні на свяце ў чарговы раз прадставілі калекцыю работ з лазы і атрымалі дыплом 1 ступені.

          У гэты раз аддзел рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКНТ прадставіў экспазіцыю работ вядучых майстроў саломапляцення Вольгі Каранкевіч і Вольгі Роліч, а таксама выстаўку габеленаў.

          На сцэнічнай пляцоўцы свята выступіў народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік філіяла “Гудскі Цэнтр творчасці і вольнага часу” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

         Яўген Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці пад час адкрыцця свята адзначыў:

          «Нідзе ў краінах, асабліва Заходняй Еўропы, столькі не захавалася традыцыйных рамёстваў, колькі ў Беларусі. Мы пра гэта ўжо гаворым, гэта стала нашым брэндам нацыянальным. А вось паказаць у натуры як раз можна тут, вось на гэтым фестывалі. Таму што выстаўкі выстаўкамі, яны бываюць камернага характару звычайна ці лакальнага. А тут уся Беларусь прадстаўлена».