Конкурсная праграма «Экалагічныя казкі» ў Карэлічах

13 чэрвеня ў 11:00 у рамках праграмы «Лета-2018» у фае Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прайшоў конкурс «Экалагічныя казкі», удзельнікамі якога сталі выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем «Вясёлка» для вучняў сярэдняй школы №2. Арганізатарамі мерапрыемства сталі творчыя супрацоўнікі цэнтра, якія кожны тыдзень будуць прапаноўваць дзецям, якія адпачываюць у лагеры, імпрэзы, спаборніцтвы і розныя конкурсныя праграмы.

«Давайце сябраваць з прыродай!» – такі актуальны для летняй пары заклік гучаў на працягу ўсёй праграмы. Дзеці ўзгадвалі правілы паводзінаў у лесе, успаміналі жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, адгадвалі птушак па іх спеву і проста абмяркоўвалі, што можна рабіць улетку, а што нельга.

Безумоўна, мерапрыемства было цікавым, інфарматыўным і карысным, а атрыманымі ведамі дзеці абавязкова будуць карыстацца пры сустрэчы з жывой і нежывой прыродай.

Фота з сайта Карэліцкай массава-палітычнай газеты «Полымя»