У рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася чарговая музычная сустрэча з цыкла “Гітара ад класікі да джаза” з удзелам таленавітага гітарыста, кампазітара, адоранага настаўніка і педагога – Уладзіміра Захарава. Ва ўтульнай зале ўстановы культуры сустрэліся тры пакаленні гітарыстаў, якія прадэманстравалі выдатную выканаўчую школу.
У пачатку імпрэзы кіраўнік клуба Аляксандр Закрэўскі ўзгадаў асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху Уладзіміра Захарава, расказаў аб асноўных накірунках яго дзейнасці, пазнаёміў слухачоў з дасягненнямі яго 30-гадовай педагагічнай працы. У гэты вечар у выкананні вучняў Уладзіміра Іванавіча – Андрэя Бабіча, Яўгена Бяляўскага, Рамана Грыцко, Івана Дайнэкі, Фёдара Петрачэнкі і Дзмітрыя Харошкі – гучала сольная і ансамблевая гітарная музыка розных кампазітараў, у тым ліку і Уладзіміра Захарава.
Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Захараў выказаў вялікаю падзяку клубу творчай інтэлігенцыі “Грані” за запрашэнне і ўклад у развіццё класічнай гітарнай музыкі на Гродзеншчыне. Шматлікія гледачы пакінулі залу з самымі прыемнымі ўражаннямі.