“На гэтым сацыяльным полі працы хопіць усім”. У Мінску праходзіць Форум годнага даўгалецця

Форум годнага даўгалецця, прымеркаваны да Сусветнага дня сталых людзей, адкрыўся 1 кастрычніка ў Мінску. Яго ўдзельнікі – больш за 200 экспертаў, прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, міжнародных інстытуцыяў, якія працуюць са сталымі людзьмі і для сталых людзей.

«Кожны пяты жыхар Беларусі – сталы чалавек, да 2030 года будзе кожны чацвёрты. Гэта – не выключная сітуацыя, такія тэндэнцыі характэрныя і для суседніх краін, і для іншых краін Еўропы », – сказаў на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця Форума намеснік міністра Міністэрства працы Аляксандр Румак.

Паводле слоў намесніка міністра, прычын такой дэмаграфічнай сітуацыі дзве: зніжэнне нараджальнасці і рост працягласці жыцця. Калі зніжаецца колькасць працаздольнага насельніцтва, растуць выдаткі на сацыяльнае абслугоўванне, на ахову здароўя і г.д.

І бліжэйшы час тэндэнцыя будзе працягвацца. Так да 2030 года сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі чакаецца ў раёне 78 гадоў.

«Гэта людзі, якія валодаюць ведамі, вопытам, працоўным і інтэлектуальным патэнцыялам, якія трэба выкарыстоўваць. Трэба ствараць умовы для развіцця і выкарыстання гэтага патэнцыялу, а таксама ўлічваць патрэбы сталых людзей», – адзначае Аляксандр Румак.

Краінавы дырэктар Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Хайме Надаль, падкрэслівае, што праблема старэння насельніцтва – не выключна беларуская. Чалавецтва ніколі раней не сутыкалася з такім змяненнем ва ўзроставай структуры насельніцтва, як сёння.

«Раней мы назіралі высокі ўзровень нараджальнасці, які кампенсаваў высокі ўзровень смяротнасці. Цяпер – нізкі ўзровень нараджальнасці і нізкі ўзровень смяротнасці. Нам неабходна кампенсаваць старэнне, разгледзець, якім чынам людзі старэйшага ўзросту могуць ўнесці свой уклад у развіццё грамадства. І гэта адкрывае перад краінамі акно магчымасцяў, для таго, каб разнастаіць нашы палітыкі і зрабіць так, каб гэты пераход быў карысным для грамадства», – кажа прадстаўнік ЮНФПА.

Пытанні старэння трэба разглядаць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, ствараць таварыства для ўсіх узростаў, пагаджаецца Аляксандр Румак. Для гэтага Міністэрства працы распрацавала Нацыянальную стратэгію годнага даўгалецця-2030, над якой працавалі як прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, так і прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў.

Стратэгія вызначае прыярытэтныя напрамкі дзеянняў у розных сферах жыцця грамадства і, перш за ўсё, гэта забеспячэнне годнага жыцця сталых людзей і недапушчэння дыскрымінацыі, а таксама стварэнне ўмоў для інтэграцыі сталых людзей і для ўдзелу іх у жыцці грамадства. Важным з’яўляецца адаптацыя рынку працы да патрэбаў сталых грамадзян.

«Неабходна падтрымліваць эканамічную і прадпрымальніцкую актыўнасць сталых людзей, забяспечыць ім магчымасць навучання на працягу ўсяго жыцця, пашырыць доступ да адукацыі і павышэнню кваліфікацыі для людзей пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту», – падкрэслівае намеснік міністра працы Аляксандр Румак.

Удзел у распрацоўцы стратэгіі прымалі і прадстаўнікі Кааліцыі «За актыўнае даўгалецце», якая аб’яднала розныя беларускія НДА, якія працуюць са сталымі людзьмі.

«Удзельнікі кааліцыі бралі ўдзел у працоўнай групе па распрацоўцы стратэгіі, мелі магчымасць на ўсіх этапах уносіць свае прапановы і заўвагі. І той тэкст, які мы маем на сённяшні дзень, дае мне аптымізм, у ім закранутыя самыя важныя пытанні, якія хвалююць сталых людзей, – кажа каардынатар Кааліцыі Вітаўт Руднік.

Сённяшні Форум годнага даўгалецця, па словах прадстаўніка Кааліцыі, закліканы сабраць рэкамендацыі і ідэі па тым, якія пэўныя крокі можна зрабіць для таго, каб стратэгія стала рэалізоўвацца.

“Важна, каб адказнасць за рэалізацыю гэтых ідэй бралі на сябе не толькі дзяржава, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, сем’і, самі сталыя людзі. Мы як Кааліцыя бачым сябе надзейным партнёрам дзяржавы і ў рэалізацыі стратэгіі, і ў маніторынгу таго, як яна будзе рэалізоўвацца”, – падкрэслівае Вітаўт Руднік.

У снежні 2019 года Нацыянальная стратэгія годнага даўгалецця-2030 будзе вынесена на разгляд урада Беларусі, пасля чаго яна павінна прайсці працэс зацвярджэння і легчы ў аснову распрацоўкі розных дзяржаўных праграм – ад праграмы развіцця аховы здароўя да праграмы развіцця культуры на бліжэйшую пяцігодку.

Намеснік міністра Міністэрства працы Аляксандр Румак асабліва падкрэслівае, што стратэгія, якая распрацоўваецца, накіравана не толькі на сённяшніх сталых людзей, але і на тых, хто стане сталымі ў будучыні.

«Тое, як і якімі мы будзем жыць у сталым узросце, залежыць ад усяго нашага жыцця. Дакумент вынясуць на грамадскае абмеркаванне, каб кожны чалавек, любая арганізацыя маглі выказаць сваё меркаванне па гэтым дакуменце», – падкрэслівае намеснік міністра.
І ўжо далей пачнецца праца па яго імплементацыі. На гэтым сацыяльным полі працы хопіць усім, запэўнівае Аляксандр Румак.

Арганізатары Форума:

Партнёры Форума:

Форум ладзіцца пры падтрымцы: