На працягу верасня-кастрычніка на Іўеўшчыне праходзіць раённы конкурс на лепшае забаўляльнае мерапрыемства для моладзі “Весела бавім час”, арганізаваны сектарам культуры райвыканкама сумесна з сектарам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Старт цікаваму праекту дала конкурсная праграма “Маладзёжны экспрэс”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел маладыя вайскоўцы-пагранічнікі і юныя жыхаркі аграгарадка. Удзельнікі адправіліся разам у віртуальнае падарожжа на маладзёжным экспрэсе. Па дарозе ім трапляліся вельмі цікавыя станцыі: “Хахатайкіна”, “Карнавальная”, “Інтэлектуальная”, “Запявальная”. Моладзь весела жартавала, танцавала, спявала, дэманстравала свае інтэлектуальныя здольнасці. Вандроўнікі наведалі віртуальны вагон-рэстаран, дзе паказалі свае кулінарныя пазнанні. Віртуальнае падарожжа праходзіла весела і заўзята. Станцыі адлюстроўваліся на мультымедыйным экране. Падтрымлівалі канкурсантаў і радавалі гледачоў творчыя калектывы і выканаўцы ўстановы культуры.
У конкурсным спаборніцтве перамагла дружба. Удзельнікам былі ўручаны арыгінальныя сувеніры ад сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны. Усе канкурсанты, а таксама прысутныя гледачы атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый.