Iўе

1. Гулянне ката

3 13 па 19 студзеня на калядныя святкі вясковая моладзь збіралася гуляць “Ката”. З успамінаў Кузьміцкай Ніны Дзімітраўны: “Гулялі, калі надумаемся”. Дамаўляліся з якімі-небудзь гаспадарамі, каб пусцілі ў хату на гэту вечарынку. Хлопцы наймалі музыкантаў, а дзяўчаты прыбіралі хату, гатавалі святочны стол, пяклі пірог у форме ката, упрыгожвалі яго і, калі ён быў гатовы, падвешвалі да столі. Хлопцаў і дзяўчат павінна быць пароўну. На гулянне прыходзілі таксама і дарослыя: бацькі і суседзі.

Як усе збяруцца ў хаце, хлопцы і дзяўчаты пачыналі гуляць “ката”. Першым чынам адзін з хлопцаў самы адважны (па жаданню) павінен быў праскакаць на “кані” (качарзе) ад уваходных дзвярэй хаты, да покуці (чырвонага кута), дзе да столі (бэлькі) быў падвешаны выпечаны “кот”.

Хлопец сядаў на “каня” і ехаў ад дзвярэй да кута са словамі:  “Тра-та-та, тра-та-та!”, а ўсе астатнія пыталі: “Куды едзеш?”. Хлопец адказваў: “Да кута!” Усе: “Па што едзеш?”.  Хлопец: “Па ката!”. Дзяўчаты ў гэты час стараюцца рассмяшыць хлопца, каб у яго не атрымалася зняць “ката”. Калі ўдавалася не засмяўшы прыскакаць да “кута”, ставіў “каня”- качаргу да сцяны ці хто-небудзь трымаў і развязваў стужку з “Катом”.  Развязаць стужку, якая завязана на каце неабходна зубамі, пры гэтым рукі павінны быць закладзены за спіну (качарга знаходзіцца паміж ног, а рукамі трымаецца за спіной). Калі хлопец засмяецца, то гульня пераходзіла да наступнага. Пераможцам аказваўся той, які змог зняць “ката”, развязаць стужку зубамі і не рассмяяцца. Пераможца меў права дзяліць “ката” паміж усімі гасцямі. Пасля раздзелу “ката” пачыналася гулянне: ўсе сядалі за сталы, частаваліся спачатку печаным пірагом – “катом”, а потым рознымі стравамі, якія прынеслі з сабой дзяўчаты і жанчыны. За сталом спявалі песні, расказвалі розныя гісторыі, гулялі ў гульні, танцавалі.           Пакуль моладзь “гуляла Ката”, дарослыя шуткавалі, падтрымлівалі хлопцаў, стараліся іх рассмяшыць.

Печаны пірог у форме “ката” – рыхтуецца штогод з рознай рэцэптурай, таму што кожная гаспадыня выпякае яго па свайму рэцэпту. Дзяўчаты загадзя дамаўляюцца паміж сабой, хто будзе пячы на гэты раз “ката”.

Стужкі або пояс: падвешаць галоўны атрыбут абраду да бэлькі (столі). Качарга: “конь” для гульні.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

 

 

2. Запаскі

Першы раз (Запаскі) выганялі скаціну на пашню ў першую нядзелю мая: “Каровы сваім мычаннем самі прасіліся ўжо на пашу”. Зранку гаспадар браў асвечаную ў мясцовым касцёле вярбу “гаспадарскую” з чырвонай суконнай ніткай, якая лічыцца сімвалам здароўя і росту, асвечаную ваду, а гаспадыня – грамнічную свечку  і чырвоную стужку. 

Гаспадар, узяўшы вяроўку, выводзіць з хлява на двор карову, а гаспадыня бярэ чырвоную стужку і павязвае яе на рогі каровы, прыгаворваючы: “Завязваю табе чырвоную стужку, каб ты не баялася злога вока і зайздрасці”. Затым гаспадыня запальвае грамнічную свечку, абыходзіць тры разы карову па ходу сонца, прыгаворваючы: “Выганяю скаціну на шаўковую травіну, прымі, Божа, маю жываціну на ўсё поўнае лета, ратуй і беражы яе”. Пасля кожнага абыходу гаспадыня “жагнае” карову. Пасля гэтых дзеянняў  а затым  падыходзіць да гаспадара і забірае ў яго вяроўку. Гаспадар бярэ вербачку і свянцоную ваду, асвяшчае ёй карову, пастукваючы вярбой са словамі: “Як вербачка расце, так і ты расці, ідзі і прынось больш малака” . Гаспадыня скідвае з рог вяроўку і гаспадар выводзіць карову на пашу.

На пашы збіраецца шмат людзей: і дзеці і дарослыя. Усе гаспадары бяруць з сабой на поле розныя  пачастункі. На траве засцілалі дзяружкі і раскладвалі свае хатнія прысмакі. Дастаюць усё, хто што прынёс: сала, каўбасы, цыбуля і хлеб. Спачатку частуюцца дзеці: выпечкай, цукеркамі, квасам. Падсілкаваўшыся, дзеці бягуць пасвіць кароў, гуляць у гульні: “каменьчыкі” і “бэрак” (даганялкі). А пасля іх пачынаюць частавацца дарослыя. Вядома, не абходзілася і без гарэлкі, людзі пачыналі шуткаваць, расказваць байкі, спяваць песні. Запрашалі і мясцовага музыканта з гармонікам, які іграў рознага кшталту найгрышы, акампаніраваў пад песні і танцы. Кароў на Запаскі пасвілі толькі паўдня, каб адаптаваць кароў да свежай травы і да стада, асабліва, калі карова выганялася ў поле ўпершыню. Затым наступалі звычайныя дні, калі штораніцы выганялі “каровы” на пашу згодна радоўцы (чарга). Пачыналася радоўка сярод жыхароў вёскі з таго гаспадара, на каторым увосень мінулага года закончылася.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)