Карэлiчы

1. Свята “Улассе”

У цэнтры вёскі рыхтуецца святочная пляцоўка, дзе будзе праходзіць гулянне і кірмаш.

На заледзянелым возеры загадзя ўстанаўліваюцца “матырыцы”. На беразе – арэлі.     Загадзя рыхтуюцца і дровы для некалькіх вогнішчаў.

У гэты дзень зранку гаспадыні выпякаюць бліны для частавання  гасцей свята, а перад частаваннем казалі: “Бог дапамог, каб спякліся хуценька”.

У канцы адной з вуліц вёскі збіраюцца мужчыны на конях, запрэжаных у сані. Вупраж упрыгожана рознакаляровымі стужкамі і званочкамі.

На суседняй вуліцы збіраюцца:

 — павозка з цыганамі (раней на Карэліччыне, асабліва ў Міры, іх было шмат).

 — валачобнікі, якія лічыліся аднымі з галоўных персанажаў свята. Хадзілі яны амаль што цэлы дзень, спявалі калядныя песні, заходзячы на двор — жадалі гаспадарам дабрабыту. На Карэліччыне валачобнікі ходзяць на Каляды, Улассе, Вялікдзень.

У цэнтры вёскі Лукі збіраюцца дзяўчаты і з песняй “Ах, ты зімушка, зіма”  ідуць да вуліцы, дзе стаяць ужо запрэжаныя коні, упрыгожаныя стужкамі і званочкамі. Дзяўчаты  трымаюць у руках старую вопратку (у асноўным кашулі), якую кідаюць па чарзе на дарогу перад коньмі. Кіданне вопраткі пад ногі каню на Улассе – як варажба на замужжа. Калі конь праедзе па вопратцы, дзяўчына пойдзе замуж. Калі не —  будзе адна. Кідаць патрэбна загадзя, каб не напалохаць каня.

За дзяўчатамі ідуць маладыя жанчыны,  і “заручаныя” дзяўчаты, якія нясуць невялічкія “ручкі” (снапкі) лёну і кладуць іх на сані. Кожная жанчына нясе “ручкі” да свайго мужа (ці жаніха). Калі хто з мужчын не збіраецца ехаць на конях, тых жонкі  перадаюць свае снапкі блізкім ці суседзям разам з пачастункамі – у падзяку за паслугу. Пасля чаго мужчыны едуць вакол вёскі на поле, стараючыся абагнаць адзін аднаго. “Ручкі” лёну, прыязжаючы на поле, мужчыны стараюцца кінуць як мага далей. Па павер’і “…чым далей адляціць ручка ад саней – тым вышэй уродзіць лён”. Ехалі вакол вёскі, замыкаючы яе ў кола. Такое рытуальнае дзеянне з’яўляецца ахоўным для вёскі ад рознай нечысці і бедаў.

Па вяртанні з поля, мужчыны збіраюцца гурбой і ідуць да святочнай пляцоўкі, дзе іх чакаюць дзяўчаты і жанчыны: “Хлопцы, сашчапіўшыся рукамі і расцягнуўшыся на ўсю шырыню вуліцы йдуць з песняй “Ой, сівы конь бяжыць….”.

З суседняй вуліцы ў гэты час на галоўную святочную пляцоўку прыязджаюць на конях цыганы і  гурбой рассыпаюцца сярод натоўпу: з варожбамі, песнямі і танцамі (раней у Луках іх было шмат).

Пасля гэтага з песняй усе разам  ідуць на “матырыцы”: “…жанчыны просяць у Бога пагоды і каб паспрыяў у жыцці”, а мужчыны распальваць вогнішча і рыхтаваліся да гульняў. Пакуль моладзь цешыцца на “матырыцах”, жанчыны спяваюць “Каму вечар, каму вечар..” і іншыя пазаабрадавыя песні. Галоўнае правіла свята – весела і шумна яго праводзіць.

Падчас гуляння на возеры вяскоўцы – маладыя жанчыны і дзяўчаты – танцуюць пад прыпеўкі: “Збірайцеся, бабанькі, на Уласа да кругу, ды скачыце, колькі хопіць духу. Каб кароўкі-карміцелькі вясёлыя і гладкія былі. Каб ім, гледзячы на гаспадынь, добра пагуляць захацелася! А як будзем стаяць, то не дачакаем цялят!”. Усе становяцца  па парах, бяруцца за рукі і пачынаюць танцаваць, ідучы па колу. У вёсцы Лукі на Улассе хадзілі валачобнікі з віншавальнай песняй “Ай, калядачкі, ды вярніцеся”, заходзячы амаль што ў кожны двор. У падзяку за пажаданні дабрабыту гаспадары двароў частавалі іх блінамі, тварожнікамі, гарэлкай, каўбасамі. На вячэрнім гулянні гэтыя ж прысмакі спажывалі ўсе сабраныя разам, “… каўбасы пяклі на вогнішчах”. На свяце нельга было шкоднічаць і сварыцца. Казалі (дзецям): “сварыцца ніколі нельга, а ў сёняшняе свята асабліва. Бо вырасцеш вялікім, станеш гаспадаром, будуць у цябе коні ў гаспадарцы і не будуць яны цябе слухаць, будуць хадзіць супроць баразны. Конь жывёла разумная…”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

2. Юр’я

“…Юр’я у нас было 6 мая. У гэты дзень раніцой упершыню выганялі на пашу карову. Гналі галінкай свячонай у царкве. Галінку гэту свянцілі на Вербную нядзелю, асвянчалі ёй хлявы і клалі іх туды…”. Гаспадыні выганялі кароў са двара, праводзілі да канца вёскі, дзе ўсіх  іх збіралі пастухі.

Пастухі гналі кароў па маладым жыце альбо па высокай траве, каб “расіліся” каровы – “каб здаровыя былі і многа малака давалі і каб кожная цяля прынесла …” Казалі: “Калі на Юр’я раса – дык не давай каню аўса, а хутчэй выганяй карову на расу”.

Пастухі, якія ў гэты дзень гналі кароў, пяклі ў полі яечню – абавязковую рытуальную ежу.

Жанчыны і маладыя дзяўчаты з самага ранку босымі нагамі хадзілі і качаліся па расе. Лічыцца, што Юраўская раса валодае магічнымі якасцямі –  надзяляе чалавека ці жывёлу сілай і здароўем.

Дзяўчаты, ходзячы па расе, спяваюць песню “Святы Юрай, дзе ж ты бываў”. Гэту ж песню спяваюць і на Вялікдзень, толькі з прыпевам “Хрыстос васкрэс, сын Божы”.

З расказаў Антаніны Сяргееўны Скіпар (аг. Варонча): “На Юр’я, калі ў першы раз выганялі кароў, быў Кароўеў Баль, казалі яшчэ раней: каровы балявалі. Упрыхожвалі кароў вянкамі з травы, ветачак, лентачак. І гналі іх на пашу. А ў вечары ўся вёска збіралася на полі і ўсе пяклі яечню ў вёдрах… Сядзелі дзеці аддзельна, дарослыя аддзельна…”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)