У гасцінны аграгарадок Дайліды па запрашэнню творчага калектыва сектара культурна-масавай і асветніцкай работы прыехалі таленавітыя майстры з усіх куткоў Іўеўскага раёна. Кожны з іх — асобны ўнікальны свет, цікавы творчымі прыхільнасцямі. Пра іх рассказала гасцям мерапрыемства загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” Ірына Смірнова.
Чатыры майстры Іўеўшчыны па саломапляценні з’яўляюцца носьбітамі тэхнік пляцення, якія ўключаны ў спіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Гэта Юзэфа Старасціна, Вера Чурэйна, Таццяна Рынгель і Ірына Смірнова. У сваёй творчасці жанчыны выкарыстоўваюць выключна натуральны матэрыял, які здабываюць традыцыйнымі метадамі. Доўгія сцябліны жыта ці пшаніцы зразаюць уручную сярпом, каб захаваць іх якасць, эластычнасць, колеравыя асаблівасці. Калі справа даходзіць да стварэння вырабу, то ў прамяністую сцябліну майстры ўплятаюць часцінку сваёй душы, каб напоўніць яго асаблівым светам, цеплынёй і сонцам. У кожнага майстра — свае адметнасці.
Таццяна Рынгель вядома саламянымі анёлкамі, кошыкамі, скарбонкамі і жаночымі ўпрыгажэннямі, лялькамі ў нацыянальных беларускіх касцюмах, павукамі і вянкамі, куфэркамі; Юзэфа Старасціна — буйнамаштабнымі работамі, напрыклад, замкамі, калекцыямі музычных інструментаў і абрадавых атрыбутаў (калядная зорка, дажыначныя снапы, вянкі, маскі каляднай казы); Ірына Смірнова — кошыкамі з кветкамі, лялькамі, шкатулкамі, жаночымі галаўнымі ўборамі і ўпрыгажэннямі; Вера Чурэйна — скарбонкамі, хлебніцамі, фруктаўніцамі, цукерніцамі, жар-птушкамі, жаночымі капялюшыкамі з кветкамі, кошыкамі, паўлінамі з ажурнымі хвастамі і лялькамі-абярэгамі. Але самымі вядомымі сталі яе капялюшыкі, адзін з якіх быў падораны Прэзідэнту краіны падчас яго візіту ў Іўе. Другую атрымаў у падарунак Віктар Лукашэнка на спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі» ў Навагрудку.
Творчасць майстроў саломапляцення Іўеўскага раёна адзначана высокімі ўзнагародамі. Лаўрэатамі прэміі Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» імя А. Дубко ў намінацыі «Народны майстар» сталі: у 2014-м годзе — Ю. Старасціна, у 2018 годзе — В. Чурэйна, у 2022 г. — І. Смірнова.
Сярод нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адметнае месца займае выцінанка. У канцы ХІХ і асабліва у пачатку ХХ стагоддзя папяровыя ўзоры можна было бачыць у кожнай хаце. Гэта традыцыйны дэкор беларускага народнага жылля, у якім выцінанка выконвала ролю белых фіранак на вокнах, кветак на шыбах, сурвэтак на мэблі, аздобы паліц, рамак, абразоў. Сучасная выцінанка – гэта аформленая пад шкло у далікатную рамку работа. Яна можа стаць кніжнай ілюстрацыяй, віншавальнай паштоўкай, запрашальным білетам і нават дэкаратыўнай падвескай. Адзін з вядомых у Беларусі майстар па выцінанцы Станіслаў Муліца родам з Дайлідаў, калісьці працаваў у мясцовым Доме культуры. Зараз майстар жыве у горадзе Гродна. Работы майстра вядомы шырока за межамі нашай дзяржавы. Амаль за 30 гадоў Станіслаў Вітольдавіч стварыў больш за тысячу значных твораў. Некаторыя з іх знаходзяцца у фондах вялікіх музеяў: у гісторыка-археалагічным музеі гісторыі рэлігіі у Гродна, у музеі сучаснага мастацтва ў Дрэздэне, у Варшаве, у Кракаве.
Цяпер на Іўеўшчыне носьбітам тэхнікі па выцінанцы з’яўляецца жыхарка аг. Геранёны Вольга Грынюк, а пераемнікам — супрацоўніца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Маргарыта Канцэвіч.
Народная культурная спадчына – галоўны складнік сённяшняга нацыянальнага мастацкага набытку Беларусі, таму важна не толькі яе зберагаць, але і развіваць, перадаваць новым пакаленням маладых беларусаў. Таму кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў майстар-класах па ткацтве, выцінанцы, вышыўцы, саломапляценні.
А якое свята без народных танцаў? З вялікім задавальненнем усе жадаючыя танчылі “Кракавяк”, “Лысы”, “Польку беларускую”. Разнастаілі праграму канцэртныя выступленні народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лаздуны1, салістаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, дэфіле з саламянымі капелюшамі, гульнёвая праграма “Вясковая ідылія”. Працавала фотазона, фотавыстаўка “З гісторыі свята” і музейная экспазіцыя “Саламяная казка”. Адным словам, свята атрымалася!