23 кастрычніка на базе ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” прайшоў абласны семінар-практыкум майстроў-метадыстаў, спецыялістаў РЦКНТ, майстроў народнай творчасці “Папяровая пластыка. Традыцыя і сучаснасць”, які ператварыўся ў сапраўднае свята выцінанкі.
У семінары прынялі ўдзел майстры народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.
Паўсюль былі зладжаны выстаўкі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, выстаўка “Папяровая графіка” вядучых майстроў выцінанкі Рэспублікі Беларусь і Гродзеншчыны з фондаў Гродзенскага АМЦНТ і асабістай калекцыі Наталлі Клімко. “Папяровы вернісаж” дэманстраваў мастацкія здольнасці і творчыя адметнасці майстроў выцінанкі з раёнаў Гродзенскай вобласці.
Выступоўцы на семінары не толькі дэманстравалі свае выставачныя калекцыі выцінанкі і папяровай пластыкі, але і давалі майстар-класы па традыцыйным і сучасным вырэзванні з паперы.
Перад пачаткам семінара-практыкума сваё майстэрства дэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага гуртка “Выбіваначка” Навагрудскага цэнтра рамёстваў.
Сапраўдны фурор выклікала калекцыя традыцыйных галаўных убораў, створаная ў тэхніцы выцінанкі-выбіванкі і папяровай пластыкі ўдзельнікамі гуртка “Бумажная страна” (пад кіраўніцтвам Вольгі Чубрык) Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцея.
У рамках семінара была арганізавана экскурсія ва УК “Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей”, дзе ўсе ўдзельнікі азнаёміліся з калекцыяй работ Ніны Пятроўны Шурак – старэйшага носьбіта мясцовай традыцыі “выцінанкі-выбіванкі”.
Семінар-практыкум яшчэ раз сцвердзіў, што на Гродзеншчыне цікавасць да мастацкага віду народнай творчасці – выцінанкі – не згасае!