Аматараў бульбы аб’яднала вясёлае свята дакопак у аг. Эйгерды Іўеўскага раёна

SONY DSC

Тэматычная праграма “Бульбу жараць, бульбу вараць, бульба – наша  смаката”, захапляльныя выступленні вядучых калектываў аматарскай творчасці, мноства кулінарных конкурсаў, выставак і майстар-класаў – і гэта яшчэ не поўны спіс сюрпрызаў, якія падрыхтавалі арганізатары “смачнага” брэндавага свята.

Усе жадаючыя змаглі праявіць кулінарныя таленты ў конкусе-дэгустацыі страў з бульбы “Смачна есці!”. Выстаўка-конкурс на самую вялікую вырашчаную бульбіну ўразіла багаццем сёлетняга ўраджаю.  На выстаўцы розных гатункаў “другога хлеба” была прадстаўлена ўся разнастайнасць эйгердаўскіх палетак. Дзеці парадавалі прыгожымі вырабамі з бульбы, прадстаўленымі на выстаўцы “Бульбяны шэдэўр”. Адчуць сапраўды бульбяны смак прапанавалі эйгердаўскія гаспадынькі і пачаставалі прысутных сваімі дранікамі. Моладзь правяла майстар-клас па запяканні бульбы на вогнішчы. Радавала вока прыгожымі вырабамі выстаўка народнай творчасці “Узоры прыгажосці”. Госці з задавальненнем праявілі спрыт і кемлівасць у гульнях і віктарынах. Усе жадаючыя з радасцю павесяліліся на вялікай пляцоўцы забаўляльных атракцыёнаў. Свята стварыла добры настрой жыхарам аграгарадка і пакінула мноства прыемных уражанняў!