У рамках раённага праекта Дзятлаўшчыны “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аг. Хвінявічы прайшло Свята бульбы. Мерапрыемства, прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, пачалося з харэаграфічнай пастаноўкі. Пад вясёлую музыку на сцэну завіталі гаспадыні-суседачкі ў нацыянальным убранстве, якія сардэчна павіталі гасцей свята, пажадалі ўсім дабрыні, бадзёрага настрою, ветлівых усмешак.
Са шчырымі словамі прывітанняў і віншаванняў звярнуўся да землякоў і гасцей свята старшыня Парэцкага сельвыканкама, які пажадаў вяскоўцам мець штогод багаты ўраджай “другога беларускага хлеба”, а падчас святочнага мерапрыемства – добра адпачыць ад штодзённых клопатаў. Павіталі жыхароў аграгарадка і гасцей свята старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі ўсім прысутным вясёлага адпачыну, пазітыўных эмоцый, удзельнікам спаборніцтваў – адвагі, спрыту, правесці час актыўна, весела і з карысцю, мацнейшым – перамогі.
“Пенкная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка…” – на святочную пляцоўку з нізкім паклонам хутка завітала віноўніца свята – Бульбачка-беларусачка. Яна павіншавала гасцей святочнага мерапрыемста, падзякавала за пашану і запрасіла ўдзельнікаў свята весяліцца, спяваць, танцаваць. Дзятве гераіня святочнай праграмы прапанавала прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце пад назвай “Чароўная бульбачка”.
Выклікала шчырае захапленне і ў дзяцей, і ў дарослых прадстаўленне “Гасцёўня БульбаЁсціка” ў выкананні ўзорнага тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сюжэтна-гульнёвую праграму “Як мы бульбачку капалі” для жыхароў і гасцей аграгарадка прапанаваў народны тэатр-студыя гульні “Прымакі”.
У час свята ладзілася дэгустацыя бліноў і іншых традыцыйных страў, выстаўка творчых работ навучэнцаў. Супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі арганізавалі вастаўку часопісаў з рэцэптамі страў з бульбы. Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батуты, цір, карусель, рознакаляровы “Color Fest”.
Хутка на старт паклікаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018”, які штогод ладзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі чатыры сям’і. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў стала прыемным заключным момантам святочнай праграмы. Свята прадоўжылася незабыўным канцэртам ад лепшых выканаўцаў Дзятлаўскага раёна.