«Дзякуй за працу – і нізкі паклон» – гэтыя словы найчасцей гучалі на свяце аграрыяў

Цэнтр Астравецкага раёна сёння перамясціўся ў аграгарадок Рымдзюны, дзе прайшло свята, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

У фае Рымдзюнскага аддзела культуры і вольнага часу была арганізавана фотавыстава «Хвала рукам, якія пахнуць хлебам», выстава работ майстроў і рамеснікаў. Кожны жадаючы мог пачаставацца ўнікальнай гарбатай з мясцовых зёлак па рэцэпце народнага майстра і найстарэйшай удзельніцы аматарскага аб’яднання традыцыйнай народнай культуры «Жыльвіціс» Марыі Мажэйка, а таксама наведаць «Куток старажытнага мясцовага побыту». Ганаровым гасцям урачыстасці дзяўчаты ў народных касцюмах чаплялі сімвалічныя бутаньеркі, зробленыя з каласоў новага ўраджаю.

Аднак галоўнай падзеяй гэтага дня стала цырымонія ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна.

Першы намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, начальнік райсельгасхарчу Іван Карніла падвёў вынікі сельскагаспадарчага года і назваў пераможцаў спаборніцтва ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

– Дзякуй, працаўнікі палёў і фермаў, ветэраны сельскагаспадарчай галіны, за вашу нялёгкую працу, за вырашчаны вашымі рукамі хлеб, за малако і мяса. Будзьце заўсёды здаровымі і поўнымі сіл, – павіншаваў працаўнікоў сельскай гаспадаркі Іван Мар’янавіч.

Віншаванні, грашовыя прэміі і падарункі ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Астравецкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грамадскіх аб’яднанняў атрымалі больш за 150 перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна.

Традыцыйныя падворкі сёлета гаспадаркі выстаўлялі падчас сельскагаспадарчага кірмаша, а на свяце аграрыяў з дапамогай відэаролікаў расказвалі пра будні і клопаты сваіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Насычаная канцэртная праграма з удзелам лепшых калектываў і артыстаў раёна стала цудоўным дапаўненнем да заслужаных узнагарод.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич