Аграгарадок Беліца, адзін з самых маляўнічых куточкаў Лідскага раёна, стаіць на беразе Нёмана – буйнейшай ракі ў Еўропе. У чацвёрты раз у Беліцы адзначалі брэндавае экалагічнае свята “Па чыстаму Нёману песня плыве”.
З прывітальнымі словамі ў час адкрыцця свята выступіў старшыня Беліцкага выканаўчага камітэта – Сяргей Станіслававіч Кулеш. Шмат цікавага чакала гледачоў ў гэты дзень, а іх, дарэчы, было нямала: і дарослыя, і дзеці прыходзілі сюды, каб паслухаць меладычныя песні і паўдзельнічаць у конкурсах і спаборніцтвах. Нават буслы, пачуўшы прыгожыя мелодыі, прыляцелі да сцэны і некалькі хвілін кружылі пад аблокамі ў карагодзе.
Напярэдадні мерапрыемства быў абвешчаны конкурс на самую вялікую рыбіну, злоўленую дазволеным спосабам – вудай ці спінінгам. Конкурс выклікаў у гледачоў шмат эмоцый. На сцэну выйшлі рыбакі з рыбаю, якую яны злавілі ў Нёмане. Гэта былі, вядома, мужчыны – Вадзім Малец, Анатоль Рудзевіч і Яўген Кракоўскі. Больш за ўсіх “пацягнуў” язь, якога злавіў Вадзім Малец: рыба заважыла 1,3 кг. Рыбак выйграў білет на рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”.
Экалагічная квэст-гульня прыйшлася даспадобы дзіцячай аўдыторыі. Хутчэй за ўсіх выканаў заданне – па прапанаванай карт-схеме знайшоў на геаграфічных пікетах усе літары і склаў зашыфраванае слова “Экалогія” – Аляксей Мілюць, які і стаў пераможцам квэст-гульні. Дарэчы, хлопчык прыехаў на лета да бабулі ў госці. Адпачынак яму запомніцца – Аляксей таксама выйграў білет на рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”.
На імправізаванай святочнай сцэне выступалі артысты і калектывы аматарскай творчасці з Пескаўскага, Ходараўскага, Мажэйкаўскага, Ганчарскага Дамоў культуры. Народны тэатр “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра прадставіў прэм’ерную мініяцюру “Лялькі-шоу”, а Святлана Чайко (кіраўнік тэатра) захапіла гледачоў сваім талентам і аповядам прыгожай старажытнай легенды пра Нёман і Лошу.
На свяце была прадстаўлена выстаўка вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а пасля свята для ўсіх жадаючых была прапанавана экскурсія ў этнаграфічны пакой “Вяртанне да вытокаў” Беліцкага Дома культуры.
Калектыў Дома культуры з адданасцю рыхтаваў брэндавае мерапрыемства “Па чыстаму Нёману песня плыве”, якое ўсім прыйшлося даспадобы і пакінула ў гасцей самыя лепшыя ўражанні. Падводзячы вынікі свята, варта адзначыць, што прырода – наш агульны дом. Ва ўсіх нас ёсць агульны абавязак – зберагчы яе ў цэласнасці і захаванасці!