Вырабы майстроў Прынёманскага краю не раз высока ацэньваліся экспертамі ў вобласці традыцыйных рамёстваў на рэспубліканскім узроўні. Адно з апошніх значных дасягненняў талентаў гродзенскай зямлі – залічэнне дзвюх мясцовых умеліц у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Знаёмцеся – Юлія Барадзіна і Ірына Шавельская!
Каб нітачка з мінулага не абарвалася…
Леташні год для вядучага метадыста па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і адначасова адмысловага майстра па ткацтве Юліі Барадзіной выдаўся асабліва плённым. Дзяўчына літаральна за пяць месяцаў стала ледзь не мясцовай знакамітасцю! І ўсё гэта дзякуючы маштабнаму габелену “Гісторыі жывая ніць”, да вырабу якога ёй пашчасціла далучыцца ў межах аднайменнага праекта, рэалізаванага метадычным цэнтрам. Своеасаблівым “крэатыўным кіраўніком” творчай працы стала калега Юліі, яе паважаны настаўнік – Алена Шунейка, патомны майстар па вырабе габеленаў з 40-гадовым прафесійным вопытам, ткацкая тэхніка якой занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Прасці, ткаць, снаваць, вышываць, плесці карункі – сёння ўсё гэта для Юліі і па плячы, і па душы. А пачынаўся яе творчы шлях даволі незвычайна… Некалькі гадоў таму дзяўчына працавала метадыстам на малой радзіме – у Слонімскім раённым цэнтры культуры. І аднойчы перад ёй была пастаўлена няпростая, але даволі цікавая задача: ператварыць разабраны ткацкі станок у паўнавартасны “жывы” экспанат. Кемлівасць, кнігі і падтрымка народнага майстра Зэльвеншчыны Антаніны Пянцяк дапамаглі Юліі справіцца з работай на выдатна. Адным з першых значных вынікаў засваення ткацкіх тэхнік майстра-пачаткоўца стала каларытная калекцыя лялек “Беларусачкі” і ручнік з узорам “дымкі”. У хуткім часе Юліяй былі створаны пяць падвойных дываноў, кожны з якіх – увасабленне глыбокай пашаны да аўтэнтычных народных традыцый.
Дзейнасць Юліі Барадзіной у абласным метадычным цэнтры – гэта бясконцы кругазварот яскравых падзей, цікавых сустрэч і новых здзяйсненняў. Метадыст праводзіць даследчую работу па вывучэнні старажытных арнаментаў, паспяхова прымае ўдзел у буйных святах і фестывалях, арганізуе майстар-класы па ткацтве і экскурсіі ў выставачнай зале Гродзенскага АМЦНТ, спрабуе сябе ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шматгадовая плённая праца і высокі прафесіяналізм Юліі адзначаны падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Пра майстэрства колеру сонечных промняў
Вы ведаеце, што саламяныя лялькі “маладога” і “маладой” – гэта найлепшыя вясельныя абярэгі для новаспечанай сям’і? А ці чулі, што птушкі з беларускага золата сімвалізуюць душы продкаў-ахоўнікаў?.. Тысячамі самых разнастайных сакрэтаў саломапляцення валодае Ірына Шавельская – майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Экслюзіўныя вырабы Ірыны адрозніваюцца асаблівай далікатнасцю і вытанчанасцю. Майстрысе ўдалося выпрацаваць свой непаўторны аўтарскі стыль і ўласную тэхніку. Бухгалтар па спецыяльнасці сёння не ўяўляе свайго жыцця без творчасці, бо, па сцвярджэнні самой Ірыны, кожны, хто хоць аднойчы паспрабуе папрацаваць з саломкай, стане гарачым прыхільнікам гэтай справы назаўжды.
Нарыхтоўкай і захаваннем сыравіны для будучых шэдэўраў Ірына Шавельская займаецца з такой жа любоўю, як і непасрэдна рамяством. Менавіта таму большую тэрыторыю на яе прысядзібным участку займае не гародніна, а…жыта! Кожны выраб з творчага багажу майстра – на вагу золата: капелюшы і дэкаратыўныя абручы, жніўныя вянкі і дажыначныя снапы, дзівосныя букеты і містычныя павукі, серыі работ, прысвечаныя абрадавым святам – Калядам, Вялікадню, Купаллю. За гады выставачнай дзейнасці Ірына Шавельская назапасіла цэлы стос лаўрэацкіх дыпломаў і падзяк. Асобнай граматай, на думку самой саломапляцельшчыцы, варта было б узнагародзіць і яе мужа Сяргея, які заўсёды патрымлівае захапленне жонкі і словам, і справай.
Майстар з задавальненнем кіруе гуртком “Соломенное кружево” ў аг. Гожа Гродзенскага раёна, знаёміць навучэнцаў сярэдняй школы з мастацкімі практыкамі саломапляцення Гродзеншчыны, якія, дарэчы, у мінулым годзе папоўнілі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і прэтэндуюць трапіць у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Юныя пераймальнікі векавой традыцыі ўжо добра засвоілі, што самы прыгожы выраб – гэта той, які створаны сэрцам.
Ала Бялькевіч, рэдактар ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”