27 верасня ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлiгенцыi “Гранi” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасцi прайшла музычна-паэтычная сустрэча пад назвай “…Раздающий шаги, будто бы в день рождения, отстающим – надежду, торопливым – терпение…”, на якой выступіў паэт і выканаўца ўласных песень Іван Пачывалаў.
Напачатку імпрэзы кіраўнік клуба “Гранi” Аляксандр Закрэўскі пазнаёміў слухачоў з этапамі творчай дзейнасці Івана Пачывалава. Затым для ўсіх прысутных былі прадстаўлены два джазавыя стандарты на гітары ў акустычным гучанні, якія выканаў Аляксандр Міхайлавіч. Пасля пад гучныя апладысменты на сцэну быў запрошаны герой вечара – цікавы і таленавіты аўтар, творы якога прасякнуты слушнай філасофскай ідэяй: “Шчасце – гэта імкненне быць шчаслівым кожную хвіліну”.
Музычны стыль, у якім піша і выконвае свае песні Іван, можна без перабольшвання аднесці да добрага ўзроўню інды-акустык-року. Як гітарыст Пачывалаў прафесійна акампануе і надзвычай вытанчана ставіцца да гуку. Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне, што такая музыка і паэзія з цяжкасцю “прабіраецца” да сэрцаў слухачоў, уступаючы дарогу поп-музыцы і “шансону”, Іван з першых хвілін свайго выступлення пакарыў удзячную публіку.
Гледачы адорвалі выступоўцу апладысментамі і ад душы дзякавалі народнаму клубу творчай інтэлiгенцыi за магчымасць дакрануцца да сапраўднай паэзіі, натхняючай музыкі і бясконцай, невычэрпнай прыгажосці.