Музычная сустрэча “Спевы прыгожай зімы” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

18 студзеня ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлiгенцыi  “ГранiГродзенскага абласнога метадычныга цэнтра народнай творчасцi прайшла музычная сустрэча “Спевы прыгожай зімы” з удзелам мясцовага гурта Race of Dreamers (“Раса мечтателей”). Са дня мінулага выступлення гурта ў клубе, якое ладзілася адначасова з мастацкай выстаўкай карцін яго лідара, кампазітара, мастака,  таленавітай інструменталісткі Дар’і Багасловай, прайшло амаль тры гады.

У пачатку сустрэчы кіраўнік клуба “Гранi” Аляксандр Закрэўскі пазнаёміў слухачоў з гісторыяй утварэння гурта і складам калектыву, які перыядычна змяняецца, за выключэннем двух музыкантаў –  Дар’і Багасловай (клавішы, вакал, флейта, сапілкі) і Дмітрыя Брытанава (вакал, гітара, бас, перкусія).

Музычныя крытыкі наўрад ці прышлі б да згоды, вызначаючы дакладны стыль або музычны накірунак, у якім працуе гурт “Раса мечтателей”, але ў творчасці музыкантаў можна вылучыць тры фарматы: песенная праграма; праграма, вытрыманая ў стылі фьюджн, што непасрэдна і азначае зліянне музычных стыляў і накірункаў; праграма, вольная ад дакладных музычных форм, так званая “новая імправізацыйная музыка”.

І вось у гэтым апошнім фармаце была праведзена цікавая музычная праца па агучцы нямецкай кінакамедыі 1919 г. “Die Puppe” на фестывалі нямога кіно “Кинемо”, куды былі запрошаны музыканты. Праграма ўяўляе сабой пяць інструментальных кампазіцый ў выглядзе калектыўных імправізацый, але ўсе ж такі з уплывам традыцый еўрапейскай акадэмічнай музыкі ХХ стагоддзя. І гэта невыпадкова, бо ў лідара гурта Дар’і Багасловай за плячыма некалькі гадоў вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класу кампазіцыі.

Гуртом створаны адзін альбом “Сны Кантрабасістаў”. Нягледзячы на прысутнасць дысанансаў, атанальных гукаў, полірытмаў, музычны матэрыял успрымаецца няцяжка нават непадрыхтаваным слухачом. На сустрэчы ў асноўным гучаў песенны фармат. Дар’я Багаслова прадставіла некалькі новых песень на свае вершы, а таксама цэлы цыкл песень на вершы Я. Янішчыц. Фантастычнае валоданне клавішамі, флейтай, складаныя джазавыя гармоніі, бездакорны вакал – усё гэта сапраўды зачаравала слухачоў. Прагучала і некалькі аўтарскіх інструментальных твораў, вельмі цікава і правесійна аранжараваных Дар’яй.

Хочацца адзначыць і даволі трапную ігру на перкусіі Дзмітрыя Брытанава ў няпростых сінкапіраваных месцах інструменталак. Дзмітрый прадставіў і свой аўтарскі песенны блок. Песні Дзмітрыя – гэта лірычна-філасофскія разважанні на вечныя тэмы і пошукі месца чалавека ў сённяшнім складаным часе. Хочацца ад імя ўсіх слухачоў падзякваць музыкантам за выдатны музычны вечар у клубе “Гранi”!