На кірмашы ў аг. Міхалішкі Астравецкага раёна хораша спявалі, добра гандлявалі

З даўніх часоў Міхалішкі славіліся знатным кірмашом. Сюды з усіх бакоў з’язджаліся гандляры і купцы. З цягам часу кірмаш знік. Работнікі аддзела культуры і дасуга аг. Міхалішкі вырашылі адрадзіць традыцыю.

30 верасня аграгарадок ператварыўся ў вясёлую святочную пляцоўку. Усе жадаючыя частаваліся блінамі з варэннем і гарачай гарбатай. На імправізаванай сцэне мясцовыя артысты радавалі гледачоў святочным канцэртам. Шмат наведвальнікаў сабрала выстаўка “З бабулінага куфэрка”. Кожнаму госцю ад малога да старога было чым паласавацца і на што падзівіцца. Усе з задавальненнем набывалі падарункі для сяброў і родных ды па-сапраўднаму адпачывалі.