Народнае свята «Купалле» адзначылi на Гродзеншчыне

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле — адзін з самых старажытных народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў Еўропы: Янаў дзень у Балгарыі, святы Ян у Венгрыі, Сан-Хуан у Іспаніі, Ліга ў Латвіі … Ва ўсходніх славян гэта Іван Купала. У Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі Купалля, якое адзначаюць з асаблівым размахам.

Вянкі з палявых кветак, песні і масавыя карагоды, ачышчальны агонь вогнішча – шматгадзіннае свята па матывах абрадаў купальскай ночы прайшло каля сцен Лідскага замка. Сотні людзей сабраліся, каб прыняць удзел у розных таямнічых абрадах і забавах.

– Па-першае, мы стварылі сапраўдную купальскую вандроўку, якая размясцілася ўздоўж сцяны замка, – распавяла метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. – Па-другое, упершыню аформілі фотазону. Асаблівую атмасферу ўвесь вечар падтрымлівалі аматарскія калектывы і артысты раёну, а таксама запрошаныя госці з Клайпеды (Літва).

6 ліпеня ў аграгарадку Краснае Карэліцкага раёна адбылося свята “Купалле – свята вады и агню”. Артысты паказалі сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, героямі якога сталі міфалагічныя істоты: русалкі, вадзяны і лесавік.

6 ліпеня аг. Гудзевічы Мастоўскага раёна прайшло брэндавае мерапрыемства «Купальскія таямніцы». У праграме свята былі: тэатралізаваны абрад «Купалле», выстава народнай творчасці, канцэртныя праграмы «Купальскія Таямніцы» і «Мы беларусы», гульнёвая праграма «Гудзевіцкі кірмаш», бяспройгрышная латарэя. Госці свята з задавальненнем вадзілі купальскі карагод вакол святочнага вогнішча, прымалі ўдзел у пошуках «папараць-кветкі».

7 ліпеня адбылося адно з самых прыгожых і адметных свят, якія праходзяць у Ашмянскім раёне на Барунскай зямлі – Купалле. Загарэлася галоўнае Купальскае вогнішча, і свята распачала вядучая, якая запрасіла ўсіх прысутных акунуцца ў падзеі магічнай купальскай ночы.  А Цар Вадзяны з Вадакрутам папрасіў сваіх сыноў адшукаць цудадзейныя лекі для даўгалецця і знайсці папараць-кветку. Тут і пачаліся ўсе прыгоды…  Баба-Яга і Кікімара ладзілі гульні з народам, плялі з дзяўчатамі вяночкі і пускалі  іх на ваду, каб тыя паваражылі на долю, ды на шчасце.

Па традыцыі прыняць удзел у гуляннях у аграгарадок Залессе Смаргонскага раёна прыязджаюць не толькі смаргонцы, але і госці з іншых рэгіёнаў. На гэты раз сярод шматлікага натоўпу адпачывальнікаў можна было сустрэць мінчан, маладзечанцаў, віляйчан, пастаўчан, ашмянцаў і іншых. Акрамя традыцыйных абрадаў падчас свята (праход праз «Купальскую ачышчальню», распальванне вогнішча і кіраванне карагодам, скачкі праз вогнішчы, ачышчэнне купальскімі травамі) госці прынялі ўдзел у майстар-класах па народных танцах, якія правялі танцоры са сталічнага клуба традыцыйнага танца «СІТА».

Для шчучынцаў  і гасцей горада спявалі фальклорная група “Купалінка” з Мінску і народны ансамбль народнай песні “Ярыца” Жалудоцкага Дома культуры.  Майстар-клас па пляценню вянкоў, варажба, гульні і святочная дыскатэка – гэта далёка не поўны пералік усіх фарбаў Купалля.

Квэст на пошук «папараць-кветкі», запуск вянкоў і спальванне Марэны — вось чым здзіўляла свіслацкае Купалле ў гэтым годзе.

На Зэльвенскім свяце ролі галоўных герояў выконвалі работнікі раённнага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны запрашалі моладзь удзельнічаць у конкурсах і гульнях. Вядома ж, галоўнай інтрыгай свята стаў пошук папараць-кветкі, якая, згодна з легендай, спаўняе жаданні і робіць чалавека шчаслівым.