13 студзеня на пасяджэнні экспертнай камісіі па народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах у Рэспубліцы Беларусь прынята рашэнне надаць статус народнага майстра майтрам па ткацтве Марыі Кажанеўскай і Алене Барцэвіч з в. Плябанаўцы Бераставіцкага раёна.
М. Кажанеўская і А. Барцэвіч працуюць у розных тэхніках закладнога і пераборнага ткацтва. Творы ткачых – гэта ўнікальныя рукатворныя цуды, якія сімвалізуюць памяць аб мінулым, аб самабытнай і непаўторнай культуры бераставіцкага краю. Таленавітыя майстрыхі на працягу ўсяго жыцця стваралі цудоўныя ткацкія вырабы, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго расліннай арнаментыкай, самабытнымі геаметрычнымі ўзорамі, гарманічнасцю кампазіцыі і колеравым рашэннем.
Сёння ткачыхі беражліва захоўваюць багатыя калекцыі сваіх работ і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з вялікім задавальненнем дзеляцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі.