Неверагодна яркай і насычанай выдалася субота, 12 чэрвеня, для жыхароў і гасцей аграгарадка Пархімаўцы – тут прайшло свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха -2021”.
Адкрыў свята раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2021”, у якім за званне лепшай сельскай сям’і Бераставіччыны змагаліся пяць актыўных маладых сем’яў нашага раёна. Гэта сям’я Журэйка з аграгарадка Алекшыцы, сям’я Рэбушавых з аграгарадка Вялікія Эйсманты, сям’я Шарубскіх з аграгарадка Пархімаўцы, сям’я Пятровых з аграгарадка Стары Дворац і сям’я Хабец з аграгарадка Малая Бераставіца.
Перад пачаткам конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі свае творчыя здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.
- А сама конкурсная праграма ўключала ў сябе шэсць відаў спаборніцтва, прычым, адзін з іх – конкурс відэаролікаў “Лепшы сельскі падворак” быў падрыхтаваны загадзя, а астатнія пяць праходзілі пад пільным вокам журы і гледачоў.
- У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні.
- Першай на сцену выйшла сям’я Рэбушавых з аграгарадка Вялікія Эйсманты. Дзмітрый Уладзіміравіч і Вікторыя Іванаўна працуюць у КСУП “Варанецкі”, у іх падрастае дачушка Таісія.
- Сям’я Шарубскіх з аграгарадка Пархімаўцы, нягледзячы на тое, што маладая, ужо мнагадзетная – у Дзяніса Сяргеевіча і Марты Аляксандраўны, якія працуюць у мясцовай гаспадарцы, — трое дзетак: 9-гадовы Аляксандр, 8-гадовая Ксенія і малодшая Дарья, якой два з паловай гады.
- У сям’і Журэйка з аграгарадка Алекшыцы тата – Леанід Рамуальдавіч – галоўны ветэрынарны ўрач у РСУП “Алекшыцы”, а мама – Дар’я Уладзіміраўна – заатэхнік. У іх падрастае трохгадовая дачушка Ева.
- Сям’я Пятровых з аграгарадка Стары Дворац таксама мнагадзетная: у Анатолія Анатольевіча і Крысціны Алегаўны тры дачкі: 12-гадовая Аляксандра, 9-гадовая Ніколь і Мілана, якой толькі паўтара годзіка, таму на конкурс яна і не прыехала.
- А вось у Аляксандра Аляксандравіча і Вікторыі Станіславаўны Хабец з Малой Бераставіцы два сыны: 8-гадовы Павел і 4-гадовы Міхаіл.
- Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.
- Завяршыў мерапрыемства святочны салют і сумеснае выкананне песні “Сёння ў нашай хаце свята”.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
«Бераставіцкая газета»