Першая частка сустрэчы адбылася днём раней у Гродне. А ўжо сёння гасцей сустракала лідская зямля. Семінар адбыўся на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Самае цікавае чакала ўдзельнікаў сустрэчы наперадзе.
Белаўзорыстае ткацтва Панямоння
Прадстаўляючы элементы нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая распавяла ўдзельнікам семінара аб белаўзорыстым ткацтве, якое было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу XIX і большай часткі XX стагоддзя. Яго непаўторнасць і асаблівасць – белізна палатна.
– Да пачатку XX стагодзя тканіны вырабляліся з самапрадзеных ільняных нітак, пазней сталі выкарыстоўвацца фабрычныя баваўняныя, шаўковыя ніткі. А дзякуючы таму што ткацтва аб’ядноўвала розныя тэхнікі, з цягам часу ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, своеасаблівымі перапляценнямі нітак асновы і ўтку менавіта белага колеру.
Гледзячы на ручнікі, настольнікі, посцілкі, з цяжкасцю верыш, што гэты цуд і ёсць сапраўдныя шэдэўры ручной працы нашых продкаў. Панямонскае белаўзорыстае ткацтва адрозніваецца ад вырабаў з другіх рэгіёнаў тым, што менш увагі надавалася каляроваму ўзору. Ён ішоў толькі па краі вырабу. Сам малюнак быў сціплы або яго магло не быць увогуле.
– Носьбітам гэтай тэхнікі з’яўляецца Яўген Маркевіч, – гаворыць Марына Савіцкая. – Па прафесіі ён урач, але яшчэ дзіцём, атрымаўшы веды і ўменні ад сваёй бабулі Надзеі Якаўлеўны Кузьмы (яна навучыла ўнука прыёмам снавання асновы і вырабу белаўзорыстых тканін), Яўген стаў прадаўжальнікам традыцыі і прысвячае любімаму занятку свой вольны час. Ён падзяліўся ведамі з майстрамі аддзела рамёстваў Валянцінай Сільвановіч і Дар’яй Банушэвіч, якія сёння практыкуюць рамяство і перадаюць усім зацікаўленым.
Пад кіраўніцтвам Яўгена Маркевіча майстрыхі пазнаёміліся і з іншымі традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва, асвоілі двухнітовае палатнянае, падвоенае, двухасноўнае, аднабаковы перабор. Дзякуючы гэтым ведам у аддзеле рамёстваў праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваныя на папулярызацыю і развіццё традыцыйных тэхнік ткацтва: арганізуюцца аўтарскія выстаўкі, кожны год – аглядныя майстар-класы, фотавыставы, удзельнікамі якіх з’яўляюцца як лідчане, так і шматлікія госці.
– Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць бацькоў, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненні, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць. Сам факт, што такая цікавая тэхніка існуе да цяперашняга часу ў нашым асяроддзі, выклікае гонар не толькі ў супрацоўнікаў аддзела рамёстваў, але і ў цэлага раёна, — адзначыла Марына Савіцкая.
Дэфіле народных строяў
Ці даўно вы былі на паказе моды? А ўдзельнікі рэспубліканскага семінара якраз і сталі яго ўдзельнікамі. Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Дыдышка арганізавала сапраўднае дэфіле-дэманстрацыю народных строяў. І здзіўляцца тут няма чаму. Яе канёк – новыя здабыткі і даследаванні лідскага строя. Што насілі ў пачатку мінулага стагоддзя мясцовыя прыгажуні, Ірына ведае, як ніхто іншы.
– Беларускае народнае адзенне – вельмі цікавая галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта значны пласт традыцыйнай творчасці. Знаёмства з гістарычным касцюмам дазваляе не толькі паглыбіць веды ў такіх рамёствах, як ткацтва, вышыўка, вязанне шыдэлкам, пляценне, але і даведацца аб вытоках духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў.
Рэгіянальныя асаблівасці на Лідчыне найбольш захаваліся ў ткацтве. З адраджэння гэтага рамяства, наяўнасці краўцоў, належнага абсталявання склаліся ўмовы, каб зрабіць рэплікі летняга святочнага мужчынскага і жаночага строяў у комлпексе з вопраткай для халоднага надвор’я і галаўнымі ўборамі. Супрацоўнікамі ўстановы была прароблена вялікая навукова-даследчая работа: акрамя спецыяльнай літаратуры, выкарыстоўваліся этнаграфічныя прадметы, інфармацыя, сабраная падчас палявых даследаванняў у вёсках Збляны, Панямонцы, Краснае, Вялікае Сяло, аграгарадку Беліца Лідскага раёна. Работа па стварэнні калекцыі ажыццяўлялася ў некалькі этапаў на працягу васьмі месяцаў: ніткі падбіраліся па складзе, колеры, максімальна падобныя на арыгінал, паступова вырабляліся дэталі для ўпрыгожвання адзення, пляліся паясы. Чым нашыя дзяўчаты не слуцкія ткачыхі?
На імправізаваным подыуме нарэшце з’явіліся мадэлі. Канец XIX стагоддзя прадставілі Ірына Вашкевіч (у вілейскім строі) і Марыя Шылкоўская (навагрудскі строй). Марына Савіцкая і Алена Свідэрская выйшлі ў летніх касцюмах 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Дзяўчаты былі апранутыя ў сарочкі, вышытыя ў тэхніцы крыжа і гладзі, спадніцы ў буйную клетку, характэрныя для нашай мясцовасці. Адзенне 30-х гадоў, якое сустракалася па ўсёй Гродзеншчыне, прадэманстравалі Наталля Шчалканогава і Таццяна Лісоўская, а завяршылі паказ Валянціна Сільвановіч і Дар’я Юрчык у камплектах даваеннага перыяду 1940-х гадоў.
– Лагічна, што менавіта ў комплексе адзення, характэрнага для сваёй мясцовасці, можна выглядаць непаўторна на фестывалях, кірмашах, выстаўках і конкурсах як работнікам культуры, так і ўсім жадаючым падтрымліваць народныя традыцыі, – заўважыла Ірына Дыдышка.
Цяжка ўявіць, колькі сіл і працы было ўкладзена спецыялістамі адзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, каб падрыхтаваць такое запамінальнае мерапрыемства. Але паказам яно таксама не закончылася. Удзельнікаў рэспубліканскага семінара-практыкума ўразілі майстар-класы па розных тэхніках ткацтва, побытавых танцах, якія арганізавала кіраўнік фальклорнага гурта “Талер” Наталля Шчалканогава. Фінальным жа акордам сустрэчы стаў круглы стол у Лідскім замку.
«Лидская газета»