У аг. Дзярэчын Зэльвенскага раёна прайшло свята «Рамяство як лад жыцця»

9 чэрвеня ў аг. Дзярэчын Зэльвенскага раёна ўжо ў пяты раз прайшло свята рамёстваў «Рамяство як лад жыцця». Карагод яркіх фарбаў, якімі стракаталі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дазволіў гасцям мерапрыемства адпачыць ад мітусні і акунуцца ў неперадавальную атмасферу сапраўднай культурнай падзеі.

З кожным годам унікальных экспанатаў становіцца больш. Разнастайнасць рамесных вырабаў, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (лапікавае шыццё, разьба па дрэве, вязанне, вышыўка, пляценне, ткацтва), нязменна радуе прыхільнікаў народнай творчасці.

Сёлета вопытныя прадстаўнікі клуба майстроў «Натхненне», створанага на базе дома рамёстваў і традыцыйнай культуры, запрасілі ўсіх жадаючых на майстар-класы па саломапляценні, вязанні кручком, разьбе па дрэве. На вачах публікі з залацістай саломкі спляталася лялечка, з аморфнага кавалка гліны нараджаўся дыхтоўны збан, а на белым ільняным ручніку расцвітала дзівосная кветка. І гэтаму цуду можна навучыцца!..

Яркім дадаткам свята стала выступленне дзярэчынскага народнага ансамбля народнай песні «Званочкі». Песні разліваліся па ўсёй акрузе – і ў кожнай з іх можна было пачуць нешта роднае, беларускае, блізкае сэрцу… Свята атрымалася маляўнічым, насычаным, карысным для жыхароў і гасцей аграгарадка.