Рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “ГРОДЗЕНСКІЯ ТРАДЫЦЫІ ДА СВЯТА ВЯЛІКАДНЯ”

13 красавіка на плошчы Савецкай, у гістарычным цэнтры горада Гродна, прайшло рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Сувеніры з лазы, саломы, дрэва, бісеру, яечнай шкарлупіны, плеценыя кошыкі, карціны з атласных стужак, размаляваныя камяні, тканыя палавікі – кожны госць кірмашу змог знайсці тут сувенір па душы.

У рамках свята была арганізавана выстаўка-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці і рамеснікаў, а таксама выстаўка элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:

  • Традыцыя “простага двухнітовага” ткацтва Ваўкавыскага раёна.
  • Традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне.
  • Выраб велікодных вербаў на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны.
  • Традыцыйная тэхналогія ткацтва “падвойных дываноў” в. Гудзевічы Мастоўскага раёна.
  • Творчасць майстра па вырабе габеленаў у традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва Алены Шунейка, г. Гродна.
  • Традыцыі роспісу велікодных яек г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна.
  • Веды і ўменні па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне.
  • Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва.
  • Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння.
  • Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу шматколерных посцілак і дываноў у аграгарадку Парагодна Воранаўскага раёна.

Таксама падчас свята кожны жадаючы змог паўдзельнічаць у розных майстар-класах: па роспісе велікодных яек, саломапляценні, ткацтве і інш.

Прымаўка, якая сцвярджае, што сустракаюць па адзёжцы, мае глыбокія карані, але яна не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. У рамках свята прайшла фальклорна-абрадавая праграма “Валачыліся валачобнікі”, дзе адным з эпізодаў стала “Мода з куфра на Вялікдзень”. Дэфіле ў народных строях”. 16 раёнаў вобласці прадставілі ўзоры сваіх рэгіянальных традыцыйных строяў. Так, па касцюму можна шмат расказаць пра яго ўладальніка. Святочныя і паўсядзённыя, дзіцячыя і людзей сталага ўзросту, мужчынскія, жаночыя – па колерах касцюма, па адметнасці яго крою і вышыўцы на дэфіле без асаблівых цяжкасцей можна было вызначыць, з якога рэгіёну паходзіць яго гаспадар, яго сацыяльны статус і нават сямейнае становішча.

Традыцыйным у рамках кірмашу сёлета стала правядзенне дабрачыннай акцыі. Удзельнікі, наведвальнікі свята ці проста выпадковыя прахожыя набывалі рэчы дзецям Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Таксама на рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” былі падведзены вынікі абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.

Вынікі абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” (глядзець)

Фота: Цімур Бабко, вядучы метадыст па тэхнічным сродакам ДУК «Гродзенскі АМЦНТ»