Майстрыха з Карэліч Таццяна Купрас спрытнымі рухамі ўтыкае-дастае іголку з чырвонай ніткай у бялюткую канву. Сёння яна не проста займаецца любімай справай, а дае майстар-клас для гасцей Дня вышыванкі, які праводзіцца 2 ліпеня на Карэліччыне.
— Раней кожная дзяўчына ў вёсцы ўмела вышываць, — расказвае майстрыха, — асабліва важным было вышыць як мага больш рэчаў да вяселля. Лічылася, што тая дзяўчына, якая не ўмее вышываць, не хутка пойдзе замуж, бо хто ж захоча жаніцца на лянівіцы.
Сама Таццяна ўменне вышываць пераняла ад сваёй маці, а тая — адпаведна ад сваёй. Так з пакалення ў пакаленне ў іх сям’і жыве майстэрства вышыўкі. З-пад рук майстрыхі выходзяць адмысловыя сурвэткі, настольнікі і рушнікі: на бялюткім палатне, як чырвоныя стужкі, пунсавеюць нацыянальныя народныя ўзоры. Вышыўка настолькі захоплівае, што жанчына можа і да пяці гадзін раніцы прасядзець над чарговым рукадзеллем. Адно шкада, пакуль няма каму перадаць сваё майстэрства: у Таццяны дачкі няма, толькі сын, таму жанчына чакае, пакуль у сям’і з’явіцца нявестка, а потым і ўнучка.
Затое на свяце майстрыха змагла падзяліцца сваім уменнем з юнай госцяй, мінчанкай Алівіяй Чаркас, якая прыехала ў госці да сваёй бабулі Ганны Данько. Дзяўчынка з задавальненнем узялася за работу.
Тым часам на інтэрактыўнай пляцоўцы “Паэзія вышыванкі” разгарнуўся сапраўдны паэтычны салон. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі і госці свята чыталі вершы беларускіх аўтараў, прысвечаныя Радзіме, роднай старонцы, народнай спадчыне, сваім продкам.
Источник: ГУ «КОРЕЛИЧСКИЙ РАЙОННЫЙ ЦЕНТР КУЛЬТУРЫ И НАРОДНОГО ТВОРЧЕСТВА»