Штогод у Дзень Святога прарока Ільі жыхары Міхайлоўшчыны святкуюць разам з храмавым святам і дзень вёскі. З раніцы, апрануўшы святочныя ўборы, вернікі адпраўляюцца на службу ў царкву, асвечаную ў гонар заступніка вёскі: каб памаліцца і папрасіць у прарока добрага ўраджаю на наступны год.
Пасля абеду, месцічы збіраюцца каля клуба-бібліятэкі. Загадчыца Наталля Копач разам з самадзейнымі артыстамі раёна ладзіць адмысловую канцэртную праграму. На свята з’язджаюцца землякі. Для іх гэты дзень адметны і шчымлівы, бо ён абуджае ўспаміны і вяртае ў дзяцінства. Дарослыя, моладзь, дзеці – кожнаму гэта сустрэча сагравае душу. Тут неабходна дадаць, што свята аб’ядноўвае не толькі жыхароў Міхайлоўшчыны, але і суседніх Маркінятаў, бо паміж імі амаль і мяжы няма. Зрасліся, спляліся яны паміж сабой і суседскай, і крэўнай повяззю. Як сказала вядучая Наталля Копач, адна на дзве вёскі тут была школа і адна крама. І свята адно атрымалася!
Сёлета Міхайлоўшчыне спаўняецца 370 гадоў. У юбілейны для мясціны год на пляцоўцы пад сельскім клубам шмат сабралася гасцей. Са святам Святога прарока Ільі павіншаваў праваслаўных вернікаў настаяцель мясцовага храма Уладзімір Семяняка. “Няхай ваша духоўная вера мацуецца праз малітвы да Бога. Праслаўляйце нябеснага заступніка сваёй вёскі і імкніцеся быць падобнымі да яго ў сваіх дзеяннях і ўчынках”, — адзначыў айцец Уладзімір.
Прыгажосць і адметнасць любога населенага пункта – гэта не толькі маляўнічая прырода. Найперш, гэта людзі, якія тут жылі, жывуць і будуць жыць, ствараючы дабрабыт сваёй малой радзімы плённай працай і творчасцю. Такімі людзьмі славяцца і Міхайлоўшчына з Маркінятамі.
Павіншаваць сваіх землякоў прыехала з Ашмян мясцовая паэтка, сцэнарыст, кіраўнік дзіцячай студыі тэатральных мініяцюр “Фламінга” СШ №1 імя М.М. Гружэўскага Валянціна Ліштван (Наумчык). Падарункам для вяскоўцам сталі яе шчымлівыя вершы пра родную вёску і землякоў. Валянціна Вацлаваўна наведалася на мерапрыемства са сваімі выхаванцамі – удзельнікамі студыі Яўгенам Фурсам, Анастасіяй Галаўнёй і Мартай Трайкоўскай, якія выступілі ў ролі Перуна, Маланкі і Сонейка. Гэтыя героі неразрыўна звязаны са Святым Ільёй — заступнікам грому і нябеснага агню.
Шэраг вершаў Валянціны Ліштван дзякуючы мясцовым аўтарам Мікалаю Розенбергу і Мікалаю Федарэнку сталі песнямі, якія ў свой час трапілі ў рэпертуар народнага ансамбля Ашмянскай мытні, узорнага дзіцячага ансамбля “Званочкі” СШ №1, народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу.
Песні на словы Валянціны Ліштван выканалі на свяце “Жытніца” і салістка гэтага ансамбля Роза Яцуковіч. Да калектыву далучылася і сама Валянціна Ліштван.
Сюрпрызам для месцічаў стаў прыезд Таццяны Якушавай (Данілевіч), загадчыцы аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з мужам Алегам Сямёнавым, спеваком, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, пераможцам шматлікіх міжнародных конкурсаў.— З вялікай цеплынёй у сэрцы ўспамінаю сваё дзяцінства, родную вёску і людзей, якія тут жылі і жывуць, — адзначыла Таццяна Якушава. – Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей і абуджаюць успаміны. Мы жывём у самым сэрцы Беларусі, самай прыгожай мясціне на свеце, якой даражым і якую аддана любім. Няхай квітнее наша зямля, няхай жыве, захоўваецца і перадаецца нашчадкам памяць аб малой радзіме.
Магчымасць дакрануцца да сапраўднага мастацтва падарыў сваімі песнямі Алег Сямёнаў. Хіты мінулых гадоў “Белыя крылы” з рэпертуару Валерыя Абадзінскага і “Сіняя вечнасць” Мусліма Магамаева прыйшліся даспадобы ўсім пакаленням, якіх сабрала вясковае свята.
У Міхайлоўшчыне жывуць самыя лепшыя ў свеце людзі, падкрэсліла ў сваім віншаванні яшчэ адна госця – член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч. У Валянціны Францаўны родных у Міхайлоўшчыне ўжо не засталося, але яна штогод, нягледзячы на клопаты і турботы, знаходзіць час, каб наведаць родныя мясціны. Да юбілейнай даты любай вёскі саматужна яна выпусціла некалькі экзэмпляраў зборніка сваёй паэзіі, прысвечанай міхайлоўшчынскай старонцы і яе жыхарам.
Доўга не змаўкалі над вясковымі абшарамі песні ў выкананні ансамбля “Жытніца”, Канстанціна Яраша, Яўгеніі Уласік, Марыны Горыд. Аляксандр Пашкоўскі выканаў музычную кампазіцыю на саксафоне.
Весела бавілі час на надзіманых атракцыёнах дзеці. Малыя маглі ўдосталь паласавацца папкорнам і салодкай ватай. Але самую большую асалоду атрымалі ўсё-такі людзі старэйшага пакалення – ад цёплых душэўных зносін са сваімі землякамі і адчування сябе часткай вялікай і прыгожай зямлі пад назвай Беларусь.
Па матэрыялах сайта газеты Ашмянскі веснік