Выхадны дзень – добрая нагода адпачыць.
Зрабіць гэта па-сямейнаму весела, з гумарам і са смакам жыхары і госці вёскі Міроўшчына змаглі на свяце варэніка. Яго арганізатарам выступіў сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва.
Адкрыла мерапрыемства ўрачыстае шэсце святочнай калоны на чале з галоўным героем свята – Варэнікам і ўдзельнікамі конкурснай праграмы, якія таксама пашылі адмысловыя строі.
Запушчаны ў неба паветраныя шары, і пачынаецца галоўнае дзеянне свята – вясёлая сямейная эстафета “Шчаслівыя разам”. Яе ўдзельнікамі сталі сем’і Сцяпура, Жыбко, Шыкуць, Хілімончык.
Безумоўна, самым смачным конкурсам праграмы стала дэгустацыя. Але не ўсё так проста! Камандам трэба было не толькі прыгатаваць арыгінальныя варэнікі, але і “абараніць” сваю тэматычную пляцоўку. Члены журы ацанілі смак і арыгінальнасць беларускага, смешнага, казачнага і сучаснага варэніка. Апроч таго, журы наведала пляцоўку раённага савета ветэранаў, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прадстаўнікі арганізацыі па-за конкурсам, але таксама з душой прэзентавалі свае арыгінальныя стравы (а гэта нават лічба 75 з варэнікаў).
За тэматычна-частавальнай часткай конкурснай праграмы надышла спартыўна-забаўляльная, але таксама з удзелам галоўных герояў свята – варэнікаў. Каманды пераапраналіся і атрымоўвалі пачастунак ад бабуляў, спаборнічалі ў трапнасці, закідваючы варэнікі ў рот намаляванаму повару, складвалі пазлы, перадавалі варэнік эстафетай і нават бегалі з чыгунком. Балельшчыкі падтрымлівалі канкурсантаў апладысментамі. Асаблівую цікавасць выклікаў конкурс, у якім камандам трэба было складваць адгадкі на загадкі з літар на сваіх чаравіках і рукавіцах. Барацьба на конкурснай пляцоўцы разгарэлася не на жарт.
Па матэрыялах сайта газеты Перамога