У Рагозніцы прайшло брэндавае свята “Крухмальныя гісторыі”. У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў крухмальшчыкаў, а таксама мясцовыя жыхары.
Вядучыя зрабілі экскурс ў гісторыю прадпрыемства. У 1912 годзе ў Рагозніцы мясцовым памешчыкам Мейштовічам быў пабудаваны крухмальны завод. Некалькі будынкаў таго часу захаваліся да нашых дзён. Прадпрыемства расло і развівалася. Поступова Рагозніца стала крухмальнай сталіцай не толькі раёна, але і вобласці.
Цяпер Рагозніцкі крухмальны завод – гонар раёна. Яго прадукцыя пад назвай “Крахмалыч” вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: у Кітаі, Германіі і іншых краінах. Прадпрыемства размешчана на дзвюх пляцоўках: адна па-ранейшаму знаходзіцца ў Рагозніцы, другая — ў Лядзе. Да мастоўскага прадпрыемства таксама далучаны завод ў Борках. Аб’яднанае прадпрыемства выпускае да 300 кілаграмаў крухмалу ў суткі, больш як пяць тысяч тон ў год.
На заводзе працуюць старанныя і таленавітыя людзі, якім былі адрасаваны шчырыя словы ўдзячнасці. Святочную праграму дапоўнілі выступленні самадзейных артыстаў, у фае працавала выстава прадукцыі прадпрыемства, усе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у гульнях і конкурсах.
Павіншаваў прысутных са святам старшыня Пескаўскага сельскага Савета Валянцін Кавалевіч:
— Вельмі добра, што жыхары нашага аграгарадка сабраліся разам, каб адзначыць працу крухмальшчыкаў, успомніць гісторыю нашага прадпрыемства і тых, хто працаваў і працуе на ім.
Усе прысутныя змаглі пачаставацца стравамі з бульбы, якія з вялікім майстэрствам прыгатавалі жыхаркі аграгарадка.
Па матэрыялах Мастоўскай раённай газеты «Зара над Неманам» і газеты «Гродзенская праўда»