Напярэдадні навагодніх і калядных святаў сябры па творчасці, калегі, прыхільнікі народнага мастацтва шчыра віншавалі вядомага майстра з Навагрудка КЛІМКО НАТАЛЛЮ АЛЯКСАНДРАЎНУ з наданнем СТАТУСУ НАРОДНАГА МАЙСТРА выцінанкі (пажыццёва; згодна з рашэннем экспертнай камісіі па народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь ад 06.01.21 года).
Наталля Аляксандраўна з захапленнем адраджае традыцыйнае мастацтва навагрудскай выцінанкі-выбіванкі з 2009 года. Майстар стварае не асобныя вырабы, а аб’яднаныя адзінай тэмай ажурныя камплекты (фіранкі, набожнік, сурвэтка, пано). Свае творы Наталля Аляксандраўна найчасцей прысвячае хрысціянскім святам і святам народнага календара: Вялікдзень (Пасха), Каляды (Ражство Хрыстова), Купалле, Дажынкі.
Носьбіт мясцовай рамесніцкай традыцыі шчодра дзеліцца сакрэтамі майстэрства падчас правядення майстар-класаў, актыўна прымае ўдзел у шматлікіх фестывалях і святах народнай творчасці. Пераемнікі майстра – дачка Вераніка Клімко і Лілія Журавель з в. Вераскава Навагрудскага раёна. Унучка Марыя Клімко таксама захапляецца стварэннем выцінанкі-выбіванкі.
Клімко Н.А. з’яўляецца лаўрэатам розных конкурсаў сярод майстроў па выцінанцы. У 2011 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар”.
Навагрудская выцінанка-выбіванка адлюстроўвае мясцовую рамесніцкую традыцыю Панямоння і з’яўляецца яскравай візітнай карткай Гродзенскай вобласці. У 2016 годзе традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.