Далучэнне дзяцей да гісторыі малой радзімы, роднай краіны – адна з задач устаноў культуры. Этнакуткі, створаныя некалькі год таму пры філіялах па культурна-дасугавай дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, прызваны пашырыць цікавасць падрастаючага пакалення да жыцця продкаў і захаваць памяць аб побыце і культуры людзей, якія жылі да нас. У філіяле па КДД аг. Макараўцы дзейнічае этнаграфічны куток “Вяртанне да вытокаў”. Сёлета экспазіцыя абнавілася і стала больш разнастайнай і цікавай.
Этнаграфічны куток – гэта захавальнік гістарычнай памяці, а прадстаўленыя экспанаты часта выкарыстоўваюцца работнікамі філіяла пры правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем традыцый, звычаяў, абрадаў і народных святаў. Хатнія рэчы, прадметы побыту, вопратка, абутак, мастацкія вырабы, перададзеныя ў этнакуток мясцовымі жыхарамі, перадаюць асаблівасці жыцця і характару нашых продкаў, дазваляюць дакрануцца да звычаяў і традыцый беларускага народа.
Работнікі філіяла ладзяць экскурсіі як для школьнікаў, так і для усіх жадаючых, хто наведвае сельскі клуб. Чарговая такая экскурсія адбылася напярэдадні школьных канікул. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядалі рэчы, якія выкарыстоўвалі ў сваім паўсядзённым жыцці іх прабабулі і прадзядулі, і нават прымяралі на сябе адзенне і абутак.
Выхаванне любові і павагі да гістарычнага мінулага свайго народа з’яўляецца ў нашы дні вельмі важным. І менавіта этнаграфічны куток – гэта тое месца, дзе пераплятаюцца мінулае і сучаснасць, фарміруецца будучыня, умацоўваецца пераемнасць пакаленняў.
Святлана Ганчарова
«Бераставіцкая газета»