10 верасня 2022 года споўнілася б 90 гадоў энтузіясту, творчай асобе, цікаваму і шчыраму чалавеку, захавальніцы традыцыйнай спадчыны Навагрудчыны Ніне Пятроўне Шурак (1932-2009 гг.). Яе захапленне этнаграфічнай дзейнасцю пачалося у 80-х гадах. У той час Ніна Пятроўна была старшынёй ініцыятыўнай групы па стварэнню ў Навагрудку гісторыка-краязнаўчага музея, а пасля яго адкрыцця працавала галоўным захавальнікам фондаў. Група энтузіястаў пад кіраўніцтвам Шурак Н.П. сабрала больш за тры тысячы экспанатаў. Яна пабывала ў 220 вёсках, дзесяткі вёсак абышла пешшу. Яе творчую душу заўсёды вабілі розныя віды народнага мастацтва: ткацтва, вышыўка рушнікоў, выцінанка. Пераймаць вопыт і вучыцца было ў каго. У даваенны час, з-за адсутнасці матэрыялаў, а часта і фінансавых сродкаў у сям’і з паперы рабілі фіранкі, упрыгожанні на абразы, на покут. Гэтыя навыкі спатрэбілісь ёй пад час стварэння кутка сялянскай хаты ў музеі. Працоўным інструментам майстрыхі з’яўляўся шырокарасплюшчаны цвік, малаток і дубовая дошка. Так адрадзілася унікальная тэхніка выцінанкі, якой ў 2016 годзе быў нададзены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Навагрудская выцінанка-выбіванка”. Акрамя выцінанкі майстрыха вышывала двухбакавой гладдзю прыгожыя ручнікі, узоры да якіх малявала сама. З 2002 года Н.П. Шурак цесна супрацоўнічала з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў, прымала ўдзел у шматлікіх выстаўках. У 2004 годзе была узнагароджана Дыпломам за выдатныя поспехі ў захаванні і развіцці рамёстваў у II абласным конкурсе-паказе абрадаў і святаў у г. Гродна. Лаўрэат II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва “Жывая крыніца” (2006 г.), прызёр Рэспубліканскага кірмашу рамёстваў “Вясновы букет” (2007 г.). Яе работы знаходзяцца ў фондах Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка археалагічным музеі, польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах. У 2009 годзе майстрыхі не стала. Дзякуючы ёй, традыцыя вырэзвання з паперы “Навагрудская выцінанка-выбіванка” адрадзілася і стала вядомай далёка за межамі Навагрудчыны. За вялікі ўклад у стварэнне Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Ніна Пятроўна Шурак занесена ў кнігу Славы Навагрудскага раёна. А для супрацоўнікаў Навагрудскага цэнтра рамёстваў яна самы Народны майстар Навагрудчыны, які вучыў нас працаваць добрасумленна, любіць сваю малую Радзіму і рабіць справу без хаўтуры.
Клімко Н.А., народны майстар Рэспублікі Беларусь, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання-клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.