– Пяць элементаў гістарычна-культурных каштоўнасцей, якія занесены ў дзяржаўны спіс культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя менавіта ткацтву. Гэта падвоенае ткацтва Мастоўшчыны, двухнітовае ткацтва Ваўкавышчыны, выраб каляровых дываноў на воранаўскай зямлі і, вядома, белаўзорыстае ткацтва Панямоння, – расказвае загадчык аддзела традыцыйнай культуры ДУК “Гродзенскі АМЦНТ” Яніна Барысевіч. – Жыве дадзеная тэхніка ў асноўным ва ўстановах культуры, у пазашкольных установах адукацыі, сярод актыўных майстроў народнага мастацтва. А вось у сем’ях яна страчаная, забытая. Наша мэта – яе адрадзіць. І вельмі хацелася б, каб да гэтага працэсу далучыліся моладзь і дзеці. Гэта па-першае. А па-другое, у сферу культуры прыйшло шмат маладых спецыялістаў, і нам трэба схіліць іх, як кажуць да “сваёй веры” – да традыцыйнай культуры.
І сапраўды, белаўзорыстае ткацтва – уласны брэнд панямонскай зямлі. Яно аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва, у выніку якіх ствараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні (ствараецца асаблівым перапляценнем нітак асновы і утка) і цікавай фактурай. Такое палатно выкарыстоўвалася нашымі бабулямі галоўным чынам для вырабу абрусаў і сурвэтак. Але найбольш вылучаюцца сярод тканых вырабаў рэгіёна, як вядома, ручнікі. Іх іскрынка ў многім: і ў дасканаласці выканання, і ў белай паверхні, і ў каляровым узоры, і ў неверагодна прыгожых, ажурных карунках.
Для правядзення семінара Ліда была выбрана невыпадкова. У нашым горадзе створана свая майстэрня па ткацтве. Гэта заслуга і мясцовых майстроў, і спецыялістаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
– Белаўзорыстае ткацтва – жамчужына ў каралях ткацтва Панямоння, – адзначыла дырэктар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. – У дамах мясцовых жыхароў у апошняй чвэрці XX стагоддзя вырабы з белага ўзорыстага палатна былі ў шырокім ужыванні. Носьбітамі традыцыі захоўваліся веды і навыкі, але практыка ткацтва ў сельскім асяроддзі амаль спынілася. Менавіта гэты від ткацтва і стаў адметнай з’явай на гродзенскай зямлі.
Па словах майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, высокі мастацкі ўзровень вырабаў дасягаецца ў выніку віртуознага валодання навыкамі на ўсіх этапах працэсу ткацтва – ад выбару пражы, запраўкі кросен і аж да ўпрыгожвання гатовых вырабаў. У цэлым увесь працэс адладжаны да дробязей. І ў гэтым упэўніліся ўдзельнікі семінара. За два дні, на працягу якіх праводзілася мерапрыемства, кожны з гасцей Ліды меў магчымасць азнаёміцца з ткацкім станком і яго складовымі часткамі, аб якіх расказалі майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціна Сільвановіч і Марыя Шылкоўская, паназіраць за падрыхтоўкай асновы на раме і вяртушцы, а таксама заправіць станок. У зале працавала выстава ткацкіх вырабаў з фондаў ДУК “Гродзенскі АМЦНТ”, быў час для практычных заняткаў па некаторых тэхніках ткацтва на кроснах, а таксама для круглага стала.
– Нашыя калегі з Гродна прывезлі ў Ліду багатую калекцыю ручнікоў, – адзначыла Алена Шчэліна. – Гэта сапраўдныя творы мастацтва 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Аўтарскі почырк таленавітых майстрых з той ці іншай мясцовасці адрозніваецца. Кожная рэч адлюстроўвае светапогляд, філасофію, эстэтычныя погляды жыхароў той ці іншай мясцовасці. Мы вельмі хочам адлюстраваць гэтыя тонкасці на электронным носьбіце, паперы. І нам такая магчымасць дадзена. Вырашана, што менавіта на базе майстэрні па ткацтве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрыецца абласны грамадскі кансультацыйны цэнтр па ткацтве і народным касцюме Гродзеншчыны.
Актуальнасць адраджэння рэгіянальных касцюмаў абумоўлена важнасцю выяўлення асаблівасцей беларускага народнага касцюма заходняй тэрыторыі Беларусі. Ён з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры, але, на жаль, недастаткова даследаваны і мала ўведзены ў навуковае і культурнае ўжыванне. Менавіта таму для спецыялістаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры важная і гэтая галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, бо дазваляе не толькі папоўніць веды ў такіх рамёствах, як ткацтва, вышыўка, вязанне, пляценне, але і даведацца аб вытоках духоўнай, матэрыяльнай культуры беларусаў.
Сёння на базе ўстановы ўжо маецца свая калекцыя святочных народных касцюмаў: вілейскага і навагрудскага касцюмаў канца ХІХ стагоддзя (камплекты складзеныя па матэрыялах Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), летняга касцюма 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя (гэта лідскі касцюм, сабраны з вёсак Збляны, Краснае і Панямонцы), адзення 30-х гадоў, якое сустракалася па ўсёй Гродзеншчыне, і камплекта даваеннага перыяду 40-х гадоў. Наперадзе яшчэ шмат работы.
І сапраўды, адарваць позірк ад узораў і арнаментаў на ручніках, мужчынскіх і жаночых строяў складана. Хочацца зноў і зноў гартаць займальныя старонкі кнігі жыцця нашых продкаў. Не дзіва, што менавіта гэтыя ўнікальныя рэчы складаюць нематэрыяльную культурную спадчыну Гродзеншчыны. Яны – сапраўднае багацце, пакінутае нам у спадчыну!