Бераставiца

1. Абрад “Валачобнікі”

аг. Макараўцы, праводзіцца згодна праваслаўнага календара

Вялікдзень – рухомае свята народнага календара, найбольш урачыстае і любімае жыхарамі нашага раёна. Асаблівай адметнасцю святкавання Вялікадня на Бераставіччыне яшчэ з даўніх часоў было хаджэнне валачобнікаў – у першую чаргу маладых хлопцаў і мужчын, а таксама змешаных гуртоў (жанчын, мужчын, хлопцаў і дзяўчат). Хадзілі і  дзеці па дварах надвячоркам на першы дзень свята, спявалі велікодныя песні, выказвалі пажаданні гаспадару, яго жонцы і дзецям. Гаспадар жа, у сваю чаргу, ­дзя­­­каваў гасцям і адораваў іх рознымі прысмакамі і абавязкова чырвонымі яйкамі.

Са слоў  Марыі Пятроўны Юшкевіч: “…На Вялікдзень ніхто не перадзяваўся ў перасанажы, але абявязкова быў музыкант, які іграў на гармоніку ці на скрыпцы. З сабой насілі “сонейка” –  сімвал новага жыцця, якое дае цяпло. Калі сонейка свеціць ярка на небе ў гэты дзень, тады летам добра ўродзіць  жыта…”. Здаўна лічылася ў народзе, што прыход валачобнікаў на падворак спрыяе багатаму ўраджаю на ніве і дабрабыту ў сям’і.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

2. Сустрэча маладых

Сустракалі жаніха і нявесту пасля вянчання бацькі маладой на парозе хаты, пасля таго, як маладыя прайшлі браму. За маладымі стаялі сваты, затым дружба (дружкі і дружбанты). Маці трымае каравай, бацька – чаркі з гарэлкай. Маладыя абавязаны пакланіцца бацькам і выслухаць іх пажаданні. Пасля яны разам адламваюць часткі каравая, макаюць у соль і даюць пакаштаваць свае кавалкі адзін аднаму, потым бяруць чаркі з гарэлкай, але маладыя яе толькі прыгубляюць, а лішкі выліваюць цераз плячо і разбіваюць іх, кідаючы пад ногі (на шчасце).

Пасля гэтых дзеянняў усе заходзілі ў хату з песняй “Зайграй, дудачка”. Першыя заходзілі ў хату маладыя, потым бацькі, сваты і дружба. Каравай ставілі на стол, дзе ўжо сядзелі падстаўныя “жаніх з нявестаю”: за маладую – мужчына, “упрыгожаны” цюляй, за маладога – жанчына ў шапцы і з намаляванымі вусамі. “Мы вас чакалі, а вы ўсё не прыязжалі, а у нас ужо сваі маладыя” – казаў падстаўны сват. Каб сесці за стол маладым, сапраўдным сватам трэба было даць выкуп падстаўному свату – грошы або якія-небудзь прысмакі – каўбасу, гарэлку і г.д. Пасля “выкупу” падстаўныя ўступалі месцы маладым, а ўсе госці сядалі за стол і пачыналі віншаваць маладых, дарыць падарункі, спяваць песні і весяліцца.

На другі дзень  Вяселля ехалі святкаваць да хаты маладога.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)