Лiда

1. Валачобнікі

1 этап.

Бліжэй к абеду валачобнікі збіраюцца ў адной хаце (дарослыя мужчыны і жанчыны). Гурт валачобнікаў з гарманістам ідуць па вёсцы з вясёлымі песнямі: “Ой, ляцелі гусі з броду”, “Ой, сівы конь бяжыць”(вясёлыя бяседныя песні спявалі, ідучы з хаты ў хату).

2 этап.

Заходзячы ў кожны двор, валачобнікі грукаюць у акенца і просяць гаспадара ці гаспадыню выйсці з хаты, прыгаворваючы:

Добры дзень таму, хто ў гэтым даму!

Гаспадарочак, слушны паночак.

Ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш,

Ці нас, валачобнікаў, дажыдаеш?

А мы – людзі добрыя,

Не часта ходзім, не многа просім:

У гадок адзін разок.

Ці можна гаспадарам песню заспяваць?

Калі гаспадар не выходзіць, валачобнікі ідуць у наступны двор. А калі выходзіць з хаты, валачобнікі спяваюць песню “Добры дзень, пану-гаспадару”. Пасля спеваў гурт просіць дазволу заспяваць песню “Вялік святы”. Калі гаспадар даваў дазвол, але не запрашаў у хату, спявалі на вуліцы. А калі запрашаў, заходзілі ў пакой, дзе вісяць абразы. Гаварылі словы:

На гарэ Галгофе Яўрэі стаялі, Ісуса Хрыста каранавалі.

Маць у гроба стаяла. Горкімі слязамі рыдала:

Сын мой, прэкрасный, в ачах маіх ясных ты ўміраеш – меня пакідаеш.

Не плач, маць радная. У тры дні васкрэсну я! Хрыстос васкрэс! Хрыстос васкрэс! Хрыстос васкрэс!

Пасля слоў валачобнікі спявалі песню “Вялік святы”. Песню спявалі адзін раз у кожнай хаце. Калі ў сям’і падрастае маладая дзяўчына, для яе спяваюць “Добры вечар, паненачка”. У падзяку за песні гаспадар кладзе ў кошык велікодныя дары. Галоўным пачастункам валачобнікаў з’яўляюцца велікодныя яйкі, кілбасы, кулічы, цукеркі, грошы, гарэлка, сала, кумпяк. Атрымаўшы падарункі, валачобнікі сыходзяць і на вуліцы з вясёлымі песнямі “Ой ляцелі гусі з броду”, “Ой сівы конь бяжыць” накіроўваюцца да наступных гаспадароў, не мінаючы ніводнай хаты вёскі.

3 этап. Абышоўшы ўсе двары, валачобнікі збіраюцца у адной хаце (калі цёплае надвор’е – на двары) для святкавання з песнямі і танцамі: “Аляксандра”,“Полька дробная”, “Падыспань” “Кракавяк”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

2. Завіванне бярозкі

Перад Сёмухай гаспадары ўпрыгожваюць хаты, у тым ліку покуць, галінкамі бярозы, майструюць з яе браму на ўваходзе ў двор, ставяць бярозкі ля ганка. Гэтыя галінкі захоўваюцца да Купалля, на якім спальваюць на кастрышчы. Лічылася, што такім чынам будзе ачышчаны дом ад усяго благога. Па ўспамінах Кумпяк Вольгі Іванаўны: “… у кожным двары была ўсякая жывёла, па-гэтаму, перад уваходам на двор, каля брамы, закопваліся фарбаваныя яйкі, лічыцца, што, калі каровы будуць вяртацца з поля, гаспадар адкопвае яйка і глядзіць: калі яйко было цэлае, то скаціна будзе здаровая, а калі пляскатае, то хваробы не абыдуць бокам…”.

Маладыя дзяўчаты ідуць праз вёску на луг з песняй “Пойдзем, дзевачкі”. На лузе спачатку плятуць вяночкі з розных кветак і траў, а потым з імі накіроўваюцца да лесу, дзе будуць варажыць на вяночах. Адбываецца варажба так: дзяўчаты загадваюць жаданні, кідаюць вяночкі на бярозкі і глядзяць, калі вяночак павісне на галінцы – жаданне збудзецца, калі не – не збудзецца. Пасля варажбы адбываецца абрад кумлення, на якім прысутнічаюць толькі незамужнія дзяўчаты. Кожная пара праходзіць праз бярозавую браму – звязаныя ці сплеценыя верхавіны маладых бярозак. Дзяўчаты просяць прабачэння адна ў адной за крыўды, абдымаюцца, цалуюцца і абменьваюцца падарункамі – каралямі, пярсцёнкамі і вяночкамі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

3. Тры каралі

Традыцыя абраду “Тры каралі” на Гродзеншчыне адбываецца штогод 6 студзеня і з’яўляецца адметным праяўленнем зімовай каляднай абраднасці. Духоўнае значэнне абраду ў тым, што чалавек, так як мудрацы, павінен шукаць Бога, і можа яго знайсці, калі вельмі гэтага хоча: “…Хаты, у якія заходзяць Каралі – бласлаўлёныя Богам!”

У гэты дзень  вернікам каталіцкай традыцыі забаронена працаваць, якім зранку неабходна прыняць удзел у Святой імшы і асвяціць крэйду, якой вернікі традыцыйна пазначаюць уваходныя дзверы сваіх дамоў крыжыкамі і вялікімі літарамі імён трох Каралёў – «К+М+Б», а таксама годам ад Нараджэння Хрыста. Гэты надпіс лічыцца моцным ахоўным абярэгам ад хваробаў і бедаў.

Па ўспамінах Ясюкайціс Тарэсы Юзэфаўны, 20.03.1939 г.н., вёска Сямейкі Лідскага раёна: “ Я нарадзілася ў вёсцы Сямейкі, што знаходзіцца  недалёка ад аг. Ваверка. Свае вясковыя хадзілі. Жанчыны таксама хадзілі. З паперы выразалі кароны. Жоўценькае выбіралі, былі накідкі. Пасля вайны хадзілі, 48-49 год. Гарэхі давалі Каралям, а тыя спявалі калядныя, хто якія ўмее, якія лёгка спяваюцца — “Дзісяй Бэтлеем”, “Трыумф з Круля Небескего”, “Всруд ноцнэй цішы”. Зорка ўбрана была ў сітнік, які рос на балотах. З гэтага сітніка высоўвалі рабачок, рабілі кветачкі і ўпрыгожвалі калядную зорку.У доме спявалі. Спявалі, а потым жадалі, каб усё добра было, каб збожжа, каб лён  радзіў, бо лён — сама багацце”.

Па ўспамінах Марціновіча Уладзіслава Рамуальдавіча, 13.11.1932 г.н., аграгарадок Ваверка Лідскага раёна: “Вечарам прыйшлі к нам дамой, адзеты ў пінжаках, металічаскія шапкі з рагамі, нарукаўнікі вроде бы не з мацерыялу, пелі песні, былі палкі са званкамі, стучалі палкамі, красіво ў іх палучалася, ад нас пайшлі дальша па саседзям, па кругу хадзілі па Ваверцы, даже к ксяндзу хадзілі, на этот празднік весь рынок заполнен людзьмі. Карона ражком. Цвет краснаваты, на грудзях браня, очань красіво. Мужчыны былі, не дзяды, па лет 30-20. Вечарам хадзілі пасля імшы ў касцёле. Шэсць лет мне было. Вечар быў інцярэсней чым дзень. Дзеньгі давалі Каралям. Яны жадалі, каб Пан Буг дал здрове, каб быў уродзай на буракі. Касцюмы ў іх былі караўлеўскія, адзеты красіва, боты як у ваенных. Хто з жыхароў вёскі хацеў, той і прыбіраўся ў Каралёў”.

Па ўспамінах Станкевіча Яраслава Стэфанавіча, 11.10.1940 г.н., Станкевіч Караліны Станіславаўна 14.11.1939 г.н., жыхароў аграгарадка Ваверка Лідскага раёна: “Добра помнім, як хадзілі калядоўшчыкі – Каралі. У Каралі адзяваліся мясцовыя мужчыны і жанчыны. На галаву адзявалі кароны, на плечы накідкі з блішчастымі зоркамі. Заходзілі ў хату з песнямі, гаварылі пажаданні з каляднымі святамі. Спявалі. Ім давалі за гэта пачастункі або запрашалі частавацца да стала. Кожны гаспадар чакаў, каб да іх зайшлі каралі, гэта было добрым знакам”.

Па ўспамінах Малькевіча Вацлава Людвікавіча, 12.03.1929 г.н. з вёскі Міхнаўцы Лідскага раёна: “У дзень свята ўсе людзі чакалі, калі калядоўшчыкі прыйдуць у хату. Мужчыны прыбіраліся ў каралёў Каспера, Мельхіёра і Бальтазара і хадзілі не толькі па хатах сваіх аднавяскоўцаў, але і па іншых вёсках. Бывала за вечар ў адну і тую хату прыходзіла некалькі груп калядоўшчыкаў: адны толькі пойдуць, а праз некаторы час ідуць другія. Ну і ўсе давалі ім пачастункі, некаторыя накрывалі стол. Каралі былі адзеты вельмі прыгожа, у каронах і накідках, гаварылі добрыя словы, спявалі калядныя песні, быў гарманіст”.

Штогод шостага студзеня ў другой палове дня  калядоўшчыкі збіраюцца ў мясцовым Доме культуры, апранаюць абрадавае адзенне —  накідкі чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, пашытыя з атласнай тканіны, на галовы ўкладаюць блішчастыя кароны, абцянутыя шаўковай тканінай залацістага колеру і збіраюцца на абрадавы абыход вёскі.

Ідучы па вуліцах ад хаты да хаты, Тры Каралі спяваюць песню “Пуйдзь мы вшысцы до стаенкі”. Раней заходзілі ў кожную хату: “…Прымалі іх усе жыхары, дзверы ніхто не закрываў”. Уваходзячы ў хату, калядоўшчыкі віталі гаспадароў словамі: “Нех бендзе пахвалённы Езус Хрыстус! Мы рады бачыць гаспадара. Рады бачыць гаспадыню.  Мы вашага двара не мінаем, з калядным святам вас вітаем!” і пачынаюць спяваць песню “Дзісяй в Бэтлеем”:

Дзісяй в Бэтлеем  *      

Вэсола навіна: 

Жэ панна чыста  *

Парадзіла сына.

Хрыстус сень родзі, нас освободзі.

Анелі граюць, Круляў вітаюць.

Пастэжэ спеваюць,

быдленто  кленкаюць,

Цуда, цуда оглашаюць!

Марыя панна *

Дзіцятка пястуе,

А Юзеф свенты *

Его пеленгуе.

Хрыстус сень родзі, нас освободзі.

Анелі граюць, Круляў вітаюць.

Пастэжэ спеваюць, быдленто кленкаюць,

Цуда, цуда оглашаюць!

* — радок паўтараецца двойчы

Пасля спеваў Тры Каралі прадстаўляюцца і выказваюць пажаданні: “Мы –  Каспер, Мельхіёр і Бальтазар, былі ў стаенцы, віталі маленькага нараджонага Езуса, віншавалі Марыю і Юзэфа, а зараз ідзема па свеце і нясём радасную навіну, жэ нарадзіўся збавіцель. В дзень Трох Крулей тэй сям’і хцялі бы выказаць пажаданні вялікай ласкі для радзіны і для госці! Жадаем ласкі Божай, сіл да працы, Няхай дапаможа вам Бог. Жадаем усяго найлепшага на Свята Божага Нараджэння, шмат усмешак, моцы і вытрымкі, любові, каб гэты Новы Год быў для ўсёй сям’і найлепшым!”.Сёння з Каралямі ходзяць і анёлы,  жадаючы гаспадарам дабрабыту, здароўя, божай ласкі: “Няхай Бог у пакою кіруе вашым жыццём і вашай працай, і сёння, і заўжды выслухае вашыя малітвы і суправаджае да жыцця вечнага”. Выходзячы з хаты, калядоўшчыкі спяваюць песню “Пуйдзь мы вшысцы до стаенкі”, да іх гурта далучаюцца гаспадары –  часткова альбо ўсёй сям’ёй.  

Пуйдзь мы вшысцы до стоенкі,

Да Езуса і паненкі,

Повітаймы  маленькего

І Марыю —  матко его!

Вітай, Езу, укоханы

Ад патрыархув  чэканы,

Ад прароков  оглашоны,

Ад народов  упрагнёны.

Па ўспамінах Ясюкайціс Тарэсы Юзэфаўны, 20.03.1939 г.н., жыхаркі аг. Ваверка: “…Хадзілі не толькі па хатах сваіх аднавяскоўцаў, але і па іншых вёсках. Бывала за вечар ў адну і тую хату прыходзіла некалькі груп калядоўшчыкаў: адны толькі пойдуць, а праз некаторы час ідуць другія”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)