16.08.2026 г.
Супрацоўніцы пераўвасобіліся ў каравайніц, бо па традыцыі пячы вясельны хлеб дазвалялася толькі замужнім жанчынам, якія шчаслівыя ў шлюбе і маюць дзяцей. Лічылася, што менавіта яны могуць «запраграмаваць» будучае жыццё маладых на лад і згоду.
Калі цеста было ўжо замешана, дзежу з ім кідалі ўгару — на шчасце, каб каравай рос высокім. Затым майстрыхі-каравайніцы браліся за яго ўпрыгожванне. А неўзабаве з’яўляліся і сваты з падарункамі і гаворкамі пра будучае вяселле.
Падчас абраду гучалі аўтэнтычныя песні, якія суправаджалі кожны этап: ад замесу цеста да ўпрыгожвання гатовага каравая.
Гэта быў творчы працэс, напоўнены цяплом і душэўнасцю.


























