У пошуках жывых традыцый: этнаграфічная экспедыцыя ў рамках праекта «Вяселле па беларускіх канонах»

21.03.2026 г.

Майстры аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Дзятлаўскага РЦКіНТ пабывалі ў гасцях у захавальніц народнай памяці-Дула Рэгіны Канстанцінаўны (1951 г.н.) і Шыдла Марыі Мікалаеўны (1940 г.н.) у в.Погіры. Гераіні з цеплынёй і ўсмешкай узгадвалі, як праходзілі вяселлі ў іх маладосці: як збіралі «валь», майстравалі кветкі для «дружыны», упрыгожвалі вясельную сукенку «міртам» і бераглі сямейныя рэліквіі. Асабліва кранальна было ўбачыць асабістыя скарбы — ручнікі, абрусы, вышытыя вясельныя хустачкі, якія захоўваюць цеплыню рук і памяць пакаленняў.

Асаблівая падзяка Рэгіне Канстанцінаўне, якая перадала ў музейны пакой абрус для вясельнага каравая і да яго тоненькі тканы поясок-прадметы стануць часткай экспазіцыі і раскажуць сваю гісторыю новым пакаленням.
Такія сустрэчы — бясцэнныя! Яны дапамагаюць захаваць і перадаць жывую традыцыю, яднаючы мінулае і сучаснасць.