Белакоз Вера Ігнатаўна (в. Гудзевічы Мастоўскага раёна. Падвойнае ткацтва)


Нарадзілася Вера Белакоз у в. Ляткі Мастоўскага раёна, там жа скончыла школу, куды пасля вучобы ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы вярнулася працаваць настаўніцай пачатковых класаў. З дзяцінства знаёмая з сялянскай працай, традыцыйнымі рамёствамі, асаблівую цікавасць выяўляла да ткацтва і ўсіх звязаных з ім працэсаў. Стварыла ў школе гурток ткацтва, у якім дзеці на маленькіх ручных станках ткалі паясы, закладкі, гальштукі і інш. З пераездам у Гудзевічы стала працаваць у мясцовым літаратурна-краязнаўчым музеі, там жа працягвала кіраваць гуртком ткацтва, які дзейнічае і сёння. За гэты час тэхніку ткацтва паясоў засвоілі сотні яе вучняў.
Шырокую вядомасць і прызнанне Вера Ігнатаўна атрымала за адраджэнне і развіццё рэдкага, на той час практычна забытага віду народнага мастацкага тэкстылю – т.зв. гродзенскіх дываноў, якія ствараліся складанай тэхнікай падвойнага ткацтва. Засвоіўшы сакрэты гэтай тэхналогіі ад адзінай на Гродзеншчыне майстрыхі Я. Райскай, Вера Ігнатаўна творча падышла да традыцый, распрацаваўшы ўласную мастацкую стылістыку вырабаў, што надае ім характэрную мясцовую адметнасць. Калі традыцыйныя падвойныя дываны вызначаюцца выразнай цэнтрычнасцю кампазіцыі, то на вырабах майстрыхі буйныя матывы расліннага і геаметрычнага характару звычайна раўнамерна размяшчаюцца па ўсім полі. Па краях дывана – традыцыйныя важкія кутасы і акаймоўка з больш дробных матываў, звычайна з укампанаваным у яе годам і месцам стварэння. Каларыстыка пераважна жоўта-карычневая ці чорна-чырвоная, здаўна характэрная для такіх вырабаў. На творчым рахунку майстрыхі – паўтара дзясятка ўнікальных дываноў, сапраўдных твораў мастацтва, пераважная частка якіх зберагаецца ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі, а таксама ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Мастоўскім дзяржаўным музеі «Лес і чалавек» і інш.
Пераняўшы сакрэты ўнікальнай тэхналогіі ад старэйшых носьбітаў традыцый, Вера Ігнатаўна ў сваю чаргу ахвотна і актыўна дзеліцца імі з моладдзю. Яна наладжвае выстаўкі, майстар-класы, семінары-практыкумы, на якіх наглядна і папулярна дэманструе працэс ткацтва падвойнага дывана – ад снавання і да гатовага вырабу.
Намаганні Веры Белакоз па адраджэнні, зберажэнні і развіцці традыцый унікальнага, калісьці пашыранага на захадзе Гродзеншчыны, затым практычна забытага віду мастацкага рамяства атрымалі належнае прызнанне: у 2011 г. элемент «Тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва в. Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці» ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.


























